Под флагом спорта: в Ушачах прошла патриотическая эстафета ко Дню Государственного флага, герба и гимна

Cпорт

Традыцыйна ў Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь каманды ўшацкіх арганізацый выходзяць на старт лёгкаатлетычнай эстафеты. Так было і ў гэты раз.

Стартавалі спрынтары на цэнтральнай плошчы, другі, таксама мужчынскі этап пачынаўся на перакрыжаванні з Камсамольскай вуліцай, а заключны, на якім спаборнічалі жанчыны, фінішаваў ля спарткомплексу.

Трэба сказаць, што фаварытам яшчэ да старту лічылася каманда райаддзела па надзвычайных сітуацыях – і ў ходзе забегу Аляксандр Сакалоў і Віктар Волах стварылі прыкметны адрыў для сваёй калегі Крысціны Шастаковай. Здавалася, “золата” ўжо ў кішэні, аднак у сярэдзіне этапу дзяўчына пацягнула нагу і тым не менш здолела першай дабегчы да фінішу, бо проста не магла падвесці каманду. З дастойным срэбраным вынікам хочацца павіншаваць зборную райбальніцы – прадстаўнікі гэтага працоўнага калектыву выходзяць літаральна на кожны спартыўны старт. Заўсёды ў пратаколах раённых спаборніцтваў значыцца і каманда цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, якая ў гэты раз адзначылася “бронзай”. Крыху не хапіла да п’едэстала спрынтарам з ТЦСАН, але сацработнікі ў чарговы раз паказалі свой спрыт і згуртаванасць. Ну а дыпломы пераможцам уручыў кіраўнік раёна Сяргей Садоўскі. Як было адзначана ў час ўзнагароджання, спорт – гэта залог здароўя нацыі, а значыць, і паспяховай, квітнеючай краіны.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *