Лето-2025 в Ушачском районе: 18 лагерей, 500 детей и новый круглосуточный «Озерный»

Образование и молодежь

Пакуль школьнікі ходзяць на апошнія ў бягучым навучальным годзе заняткі, дарослыя дбаюць пра арганізацыю іх летняга адпачынку. На канікулярны час на Ушаччыне запланавана работа 18 дзіцячых лагераў – аздараўленне ў іх змогуць прайсці каля паўтысячы навучэнцаў.

Актыўна рыхтуецца да адкрыцця новы кругласутачны лагер “Азёрны” ў аграгарадку Арэхаўна (кантакты: 5-85-40, ushachi_rcdim@ush.by). За адну змену – а сёлета іх запланавана дзве: з 15 па 29 ліпеня і з 1 па 15 жніўня – тут змогуць адпачыць 45 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў. Кошт пуцёўкі складзе 602,85 рубля, бацькоўская даплата – 317,85.

Нагадаем: сёлета было прынята рашэнне аб пераводзе на месца былога Арэхаўскага дзіцячага сада летніка з Турасполля. Як падкрэсліла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Людміла Васільеўна Давыдава, новая “прапіска” дазволіць яшчэ больш насыціць будні выхаванцаў: з’явіцца магчымасць, напрыклад, часцей праводзіць экскурсіі ў музей, бібліятэку, іншыя ўстановы.

Ужо з сакавіка ў “Азёрным” кіпяць работы – цалкам заменены каналізацыя і санвузлы, працягваецца аддзелка сцен і абнаўленне электрыкі, з Турасполля перавезены спартыўнае абсталяванне і агароджа.

– Пакуль спрыяе надвор’е, займаемся афарбоўкай аконных рам і варотаў на ўваходзе, “рэстаўруем” драўлянае панно, якім упрыгожаны будынак, – зазначыла на адным з нядаўніх суботнікаў (на здымку) кіраўнік раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Таццяна Анатольеўна Глінская. – Увогуле, будзе зроблена ўсё, каб дзецям адпачывалася ўтульна, бяспечна і весела.

Нямала будзе для школьнікаў і ўжо прывычных прапаноў. Так, дзённыя лагеры, а таксама лагеры працы і адпачынку з 2 па 20 чэрвеня з’явяцца абсалютна ва ўсіх школах. Ва Ушацкай СШ (5-77-32, sch.ushachi.edu.by) у гэтыя дні дадаткова адкрыецца сумесны з РАНС летнік. Традыцыйна будзе наладжана такая работа і з праваахоўнікамі – з 21 ліпеня па 8 жніўня. На гэтыя ж даты ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі запланавана “Вясёлка талентаў”. Не застануцца без цікавых спраў і юныя аматары турызму – для іх з 23 чэрвеня па 1 ліпеня і з 24 чэрвеня па 2 ліпеня будуць працаваць два палатачныя лагеры – ад РЦДіМ і Ушацкай школы. А на базе СДЮШАР (5-00-51, Sport_ush@ush.by) з 2 па 18 чэрвеня адкрыецца дзённы “Алімпіец” для 105 юных ушацкіх спартсменаў.

* * *

Па тэме набыцця пуцёвак і рашэння іншых пытанняў, звязаных з аздараўленнем дзяцей, можна звярнуцца ў аддзел па адукацыі Ушацкага райвыканкама ці непасрэдна ва ўстановы, на базе якіх адкрываюцца летнікі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *