Якім быў гэты навучальны год для школьнікаў Ушаччыны? Адназначна плённым! Пацвярджэнне таму знайшлі ўчора на мерапрыемстве з сімвалічнай назвай “Сузор’е надзей”. Традыцыйнае ўшанаванне пераможцаў алімпіяд і розных конкурсаў на гэты раз сабрала дзясяткі юных талентаў.
Хлопцаў і дзяўчат, якія праславілі раён сваімі дасягненнямі ў вучобе, спорце, творчасці, віталі намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пётр Аляксандравіч Алексяёнак, а таксама начальнік аддзела па адукацыі Людміла Васільеўна Давыдава і Людміла Рыгораўна Карабань, якая у свой час займала такую пасаду амаль 30 гадоў. Цёплыя словы для педагогаў, кіраўніцтва раёна адрасавалі бацькі навучэнцаў – ад іх імя выступіла ўшачанка Наталля Савельеўна Шук.
На здымку: Анастасія Клачок са сваёй мамай Наталляй Леанідаўнай і настаўніцай Людмілай Васільеўнай Трафімавай.
Гучных апладысментаў не шкадавалі прысутныя адзінаццацікласніцы з Ушацкай школы Ксеніі Барысёнак, абсалютнай пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. Акрамя грашовай выплаты ад райвыканкама, якая ў гэты дзень уручалася ўсім намінантам, дзяўчына атрымала пасведчанне аб прысуджэнні прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У чарговы раз усе парадаваліся за вучня 11 класа Кірыла Шука і дзесяцікласніцу Анастасію Клачок з райцэнтра, якія на алімпіядзе абласнога ўзроўню заваявалі “бронзу”: хлопец – па хіміі, дзяўчына – па рускай мове і літаратуры. Дзякавалі іх настаўнікам Алене Васільеўне Марозавай і Людміле Васільеўне Трафімавай. Цёпла сустракалі і сям’ю Церашкаўцоў з Глыбачкі: школьніцу Ксенію, якая стала пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Яны вызвалялі Радзіму”, прысвечанага 80-годдзю Вялікай Перамогі, а таксама яе настаўніцу і маці Таісу Ігараўну.
На жаль, не змаглі прыняць удзел ва ўрачыстасці, аднак без заслужанай узнагароды не застануцца адзінаццацікласніца Маргарыта Стрыжонак і дзесяцікласніца Ганна Савіна з Вялікадолецкай школы. Першая стала дыпламанткай абласнога конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ, а другая напісала “прызавое” эсэ на конкурсе “Помнім! Ведаем! Ганарымся!”.
Вельмі прадстаўнічай традыцыйна аказалася дэлегацыя юных спартсменаў. У яе складзе – прызёры абласных спаборніцтваў па міні-футболе сярод каманд ІІІ групы ў праграме 37-й абласной спартакіяды школьнікаў Яфім Ігнатовіч, Леанід Ізмайловіч, Севасцьян Аўдошка, Даніла Базылеў, Максім Паршонак, Ян Сурмін, Ілья Сляцкі і Мацвей Кандрацкі з Ушацкай СШ (трэнер – Раман Мікалаевіч Фядосенка, СДЮШАР). Добра праявілі сябе на вобласці і юныя шахматысты Віктар Бялко, Ганна Сляцкая, Дзяніс і Ульяна Свірко, гэтак жа з гарпасёлка (Уладзімір Ільіч Барысёнак, раённы цэнтр дзяцей і моладзі). Чакае ўзнагарода і “зорачку” абласных спаборніцтваў па біятлоне “Снежны снайпер” Ганну Бука з Вялікадолецкай школы – чацвёртакласніца ў асабістым заліку стала ўладальніцай дыплома ІІ ступені.
Праявілі сябе вучні і ў творчасці. Так, пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскай выставы-конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія” ў розных намінацыях сталі выхаванкі раённага цэнтра дзяцей і моладзі Анастасія Сіротка і Мар’яна Юркевіч (падрыхтавала дзяўчат Ганна Аляксандраўна Бабянок). У ліку лепшых аказаліся яны і на рэспубліканскай выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка”.
Віншаванні і ўзнагароды, памятныя фотаздымкі і святочны канцэрт… Такія сустрэчы, безумоўна, – добры стымул для школьнікаў, каб працягнуць навучанне і дасягнуць новых вяршыняў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.