Правонарушения в Ушачском районе: хроника происшествий за апрель-май 2025 года

Происшествия

Крадзяжы, браканьерствы, падробка дакументаў… На што толькі не ідуць незаконапаслухмяныя грамадзяне! Пра крымінальныя справы, узбуджаныя на Ушаччыне ў красавіку-маі, нам рассказалі ў райаддзеле міліцыі.

П’янка з наступствамі

Жаданне працягнуць застолле, прычым, за чужы кошт не давяло да дабра адразу некалькіх жыхароў раёна. Так, ураджэнец Старога Сяла 1982 года нараджэння сцягнуў у сабутэльніка з Ушач банкаўскую карту і накіраваўся з ёй па магазінах – затарыўся на 540 рублёў.

Наяўнасць ужо некалькіх судзімасцей не спыніла ад супрацьпраўных дзеянняў і 34-гадовую жыхарку Старыны: у красавіку яна выцягнула з кашалька знаёмага 200 рублёў, а праз месяц гваздадзёрам узламала дзверы дачнага дома па-суседстве, дзе пажывілася маянэзам, кетчупам і адной цыгарэткай на агульную суму 4,63 рубля. Што цікава, пра здарэнне праваахоўнікам паведаміла маці жанчыны. Заўважыўшы ўзлом, яна не падумала пра магчымае дачыненне да яго дачкі.

“Дадатак” да зарплаты

Зусім не аб працоўных здзяйсненнях думаў, уладкоўваючыся ў адну з гаспадарак раёна, дагэтуль не судзімы ўраджэнец Судзілавіч 1998 года нараджэння. 10 красавіка ён заняў высокую пасаду, а ўжо 13-га – у выхадны дзень – павёз з мехдвара лом чорнага металу. Пры гэтым задзейнічаў і трактар сельгаспрадпрыемства для пагрузкі, і аўтамабіль з прычэпам для перавозкі “здабытага” ў Лепель, дзе планаваў усё здаць. Вось толькі дабрацца да месца не атрымалася: па дарозе мужчыну затрымалі праваахоўнікі. Вага выкрадзенага ім лому склала 2350 кг на суму не менш 611 рублёў.

Рыбалка на 20 тысяч

Рыбалку на Ушаччыне ўраджэнец Наваполацка запомніць, напэўна, надоўга. У забаронены для такога занятку час і забароненымі прыладамі – стаўнымі сеткамі – на возеры Палуазер’е, непадалёк ад вёскі Пола, ён здабыў 301 асобіну рыбы. Незаконны ўлоў, які выявілі і канфіскавалі прыродаахоўнікі, абыдзецца мужчыну ў 19 тысяч 986 рублёў. І гэта толькі ўрон, нанесены навакольнаму асяроддзю, не кажучы пра штраф за здзейсненае правапарушэнне.

Дакументы з “карэкціроўкай”

Замест чаканага працаўладкавання ў філіяле аблспажыўтаварыства 40-гадовая ўшачанка займела крымінальную справу. Падвяло яе нежаданне праходзіць медагляд: у даведку ад Ушацкай ЦРБ жанчына самастойна ўнесла даныя ад спецыялістаў, у якіх не была. За падробку дакументаў парушальніцы пагражае да двух гадоў арышту.
Несапраўдныя звесткі ў акт на выбыццё буйной рагатай жывёлы ўнесла брыгадзір малочна-таварнага комплексу адной з гаспадарак раёна. Такім чынам жанчына хацела схаваць недастачу буронак, якая назіралася з верасня па снежань 2024-га.

Нажом у грудзі

Нецвярозае застолле ў Строктах для абодвух яго ўдзельнікаў (дарэчы, братоў) скончылася сур’ёзнымі праблемамі. Чаму пачалі сварыцца, зараз дакладна сказаць не могуць, аднак адзін – 1978 года нараджэння – схапіўся за нож і ўдарыў апаненту ў грудзі. З лёгкімі цялеснымі пашкоджаннямі той трапіў у бальніцу. І хоць прэтэнзій да роднага чалавека потым не меў, без узбуджэння крымінальнай справы не абышлося – з улікам характарыстык вяскоўца, з такім хадайніцтвам у пракуратуру звярнуўся райаддзел міліцыі.

Знаходлівыя “рэвізоры”

З кастрычніка 2024-га па красавік 2025-га хтосьці “пагаспадарыў” у адным з дачных дамоў у Вацлавове. Здабычай злодзея, які пранік у памяшканне, вырваўшы дзвярны прабой, сталі кіпяцільнік, набор гаечных ключоў, помпа для веласіпеда, сякера і малаток агульным коштам 42 рублі.

Аналагічным чынам, толькі з акцэнтам на метал, з верасня па май пажывіўся хтосьці ў вёсцы Масцішча. З дома былі выкрадзены тры ложкі, частка пячной пліты, тое-сёе прыбралі і ў двары. Урон, які панеслі гаспадары, склаў 510 рублёў.

Па ўсім відаць, галодным быў жыхар Рагуцкіх 1965 года нараджэння, раз незаконна пажывіўся ў суседскім доме прадуктамі харчавання на суму каля 47 рублёў. Дарэчы, пранікнуць у памяшканне цяжкасцяў не склала: дзверы ў адсутнасць гаспадароў былі незачынены.

Незаконны арсенал

ужо неўпершыню захоўваў дома ў Касарах мужчына 1968 года нараджэння. Так, у красавіку ў яго быў выяўлены порах, а ў маі – прыдатны для стральбы пісталет. Дарэчы, такую зброю мужчына вырабіў сам і перыядычна насіў з сабой – навошта, зараз высвятляюць праваахоўнікі.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *