“Плакаць будзем усе!” – папярэджвалі бывалыя бацькі сваіх калег-навічкоў, калі таты і мамы ўшацкіх 11-класнікаў паўгода таму абмяркоўвалі на сходзе маючы адбыцца выпускны. Не ведаю, ці ўсе тады ў гэта паверылі, але ж “аксакалы” мелі рацыю – пятнічным вечарам нават у сур’ёзных мужчын у самыя кранальныя моманты апошняга школьнага балю падазрона блішчэлі вочы. А вось мне было лягчэй, бо паралельна з функцыяй мамы выпускніцы выконвала і заданне рэдакцыі, таму магла схаваць пачуцці за “акенцам” фотакамеры.
Выпускныя вечары ва Ушацкай і Вялікадолецкай школах.
У школьным двары было мнагалюдна: на гэтую ўрачыстасць прыходзяць і тыя, хто не мае да яе асабістага дачынення, бо захапляльна нават проста паглядзець на прыгажунь у модных сукенках і статных юнакоў у элегантных касцюмах. Ведаю, што ўборы некаторыя дзяўчаты павесілі ў свае шафы яшчэ зімой, перабраўшы не адзін дзясятак мадэляў – дык як жа можна прапусціць такі модны паказ!
Зрэшты, хопіць лірычных адступленняў. Паведамім, нарэшце, галоўную сенсацыю імпрэзы: сёлета на ёй было ўручана аж чатыры залатыя медалі – гэта рэкордная колькасць за апошнія паўтара дзясяткі год.
Прыемную місію выканаў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў. Вучэбная задача-максімум пакарылася прадстаўнікам 11 “Б” Ксеніі Барысёнак, Паліне Юркевіч і Кірылу Шуку. Бывае, што алімпіяднікі канцэнтруюцца на вывучэнні любімага прадмета, тады як астатнім надаюць менш увагі – але нашы юныя геніі не з такіх! Марку ж 11 “А” падтрымала Таццяна Кіліна, якая з малодшых класаў абрала ў вучобе максімалізм: ёй і самыя складаныя задачы па матэматыцы і фізіцы абавязкова рашыць трэба, і з тонкімі нюансамі англійскай мовы разабрацца – зрэшты, толькі так “залаты” поспех і дасягаецца.


Авацыямі сустракала перапоўненая зала літаральна кожнага, хто ўзнімаўся на сцэну за атэстатам, што ўручала дырэктар установы Алёна Уладзіміраўна Ворса. Ды яны гэта і заслугоўвалі, бо ў чымсьці былі лепшымі і непаўторнымі. Так, каралямі дакладных навук лічыліся Цімафей Ганчаронак і Насця Касіч, не мела роўных у арганізатарскіх здольнасцях Вера Булаўка, а Паша Круцёнак нікому не даваў сумаваць, будзе не хапаць школе крэатыўных Жэні Талмачова і Дзяніса Люцько – як, зрэшты, і ўсіх іншых гэтых хлопцаў і дзяўчат.
Свае ж выдатныя творчыя здольнасці яны праявілі падчас традыцыйнага вальса, лёгкасць і зладжанасць якога стала плёнам некалькіх месяцаў рэпетыцый. А як думаеце, калі ўшацкія выпускнікі ўздыхнулі з палёгкай? Пасля апошняга здадзенага іспыту? А вось і не! Бо потым паўтара тыдні па пяць гадзін у дзень рыхтавалі вялікую праграму для выпускнога: і правялі канцэрт не горш за прафесійных артыстаў. Дарэчы, наконт апошніх: з’явіўся ў гэты дзень на сцэне сам Стас Міхайлаў – каб запрасіць на танец класнага кіраўніка 11 “Б” Вольгу Міхайлаўну Кухто. Прынамсі, Кірыл Шук, які пераўвасобіўся ў зорнага пакарыцеля жаночых сэрцаў, у ролю ўжыўся ідэальна! А вось Ірына Генадзьеўна Каваленка выслухала персанальны музычны камплімент ад кожнага вучня 11 “А” – глядзела я гэты кранальны нумар і думала, што такія моманты з ліхвой акупляюць усе нерваванні і стрэсы, на якія, што ўтойваць, багата настаўніцкая праца.

Сваю порцыю кветак і цёплых слоў атрымалі Вольга Пятроўна Несцярэнка, Наталля Віктараўна Лыбзікава, Таццяна Міхайлаўна Хвошч, Святлана Аляксандраўна Дзёмка, з якімі дзеці распачыналі школьны шлях. Апошняя, дарэчы, спецыяльна прыехала на імпрэзу з іншага горада. Прыгадалі юныя артысты абсалютна ўсіх педагогаў, прысвяціўшы ім музычныя нумары, а выкладчыца спеваў Галіна Пятроўна Прахарэнка прайшла на сцэне “атэстацыю” – саліравала ў адной з песень.
“Мы так вас любім, дзеці!” – прызналіся ў творчым нумары бацькі. І канечне, кожны быў гатовы бясконца распавядаць пра сваіх дарагіх выпускнікоў. Хвалюючым гэты вечар быў для Рамана Ладзіка, якога чытачы добра ведаюць як героя нашых колішніх аграрных артыкулаў. “Мы з жонкай нават не заўважылі, як вырасла наша Даша – прыгожая, творчая, актыўная ў грамадскіх справах – ганарымся ёю! Канечне, сумаваць будзем, калі вучыцца паедзе, але ж у сям’і яшчэ двое малодшых дзетак – так што гэта не апошняя ў нашым жыцці падобная ўрачыстасць!”, – падзяліўся эмоцыямі мнагадзетны бацька.
Выпускнікі Арэхаўскай і Глыбачанскай школ.
Калі ж выпускнікі ўсе разам заспявалі для сваіх мам і татаў песню пра сыходзячае дзяцінства, якое будзе чакаць небывалых цудаў недзе, але не тут, прароцтва “бывалых бацькоў” спасцігла і самых стойкіх – тут ужо і вочка камеры не ўратуе…
Прыгожа, кранальна прайшлі мерапрыемствы і ў сельскіх установах адукацыі. Не інакш як сямейнай можна назваць атмасферу ў Вялікадолецкай школе, дзе святочны момант з чатырма выпускнікамі раздзялілі не толькі бацькі, а і сябры, аднавяскоўцы. Усе шчыра радаваліся поспеху Дамінікі Лапіцкай, якая з атэстатам атрымала і залаты медаль! Старанная і ўседлівая дзяўчына заўсёды паказвала глыбокія веды па ўсіх прадметах, перамагала ў конкурсах і алімпіядах. Дамініка і яе аднакласнікі Маргарыта Стрыжонак, Іван Філімонаў і Мікіта Белякоў прызналіся, што школьныя гады праляцелі імгненна, але стараліся не сумаваць, нават выконваючы развітальныя песні і сцэнкі. А вось іх першая настаўніца, класны кіраўнік і бацькі ад эмоцый усё ж не ўстрымаліся, калі на экране з’явіліся здымкі малышоў, зробленыя ў 2014 годзе.
“Перажываю не менш за бацькоў, бо добра ведаю дзяўчат і хлопцаў: калі распачынаў свой працоўны шлях на Вялікадалеччыне, яны маленькімі прыходзілі ў мае гурткі, былі такімі цікаўнымі і актыўнымі”, – прыгадаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Пётр Аляксандравіч Алексяёнак. У гэты дзень галоўныя героі свята папоўнілі алею выпускнікоў ля ўстановы дэкаратыўнымі раслінамі, усклалі кветкі да брацкай магілы воінаў і партызан у аграгарадку – такія традыцыі ёсць ва ўсіх нашых школах.
Выпуск Глыбачанскай СШ сёлета быў выключна мужчынскім. “У нашай мнагадзетнай сям’і гэта ўжо пяты выпускны. Хоць і пачыналі вучобу яшчэ ў Вяркудскай школе, Глыбачанская стала для нас роднай і гэта дзякуючы выдатнаму калектыву прафесіяналаў, якім і хочацца праз газету выказаць вялікую ўдзячнасць, – звярнулася да нас маці выпускніка Віктара Троцкага Кацярына Валер’еўна. – Заўсёды падтрымлівала хлопцаў класны кіраўнік Іна Аляксееўна Сяліцкая, дзякуй дырэктару Таццяне Анатольеўне Пахолак, завучу Галіне Васільеўне Казловай і ўсім настаўнікам, якія вучылі, выхоўвалі і клапаціліся пра нашых дзяцей, а таксама дапамаглі арганізаваць такі цудоўны развітальны вечар!”
Святочным і адначасова шчымлівым было ўручэнне атэстатаў у Ільюшынскай СШ, якую сёлета скончылі трое дзяўчат і адзін хлопец. “Перагортваем яшчэ адну школьную старонку, шмат выпускаў за час нашай педагагічнай дзейнасці ўжо за плячыма, але кожны год аднолькава шкада развітвацца з нашымі вучнямі”, – адзначылі дырэктар школы Жанна Анатольеўна Крамін і класны кіраўнік Ірына Васільеўна Мілая. Шмат пажаданняў прагучала ў адрас віноўнікаў урачыстасці. Чакаў падарунак і іх будучых паслядоўнікаў: ад кіраўніцтва раёна школе перададзены грашовы сертыфікат на набыццё спецыяльнай формы для патрыятычнага класа.
У Арэхаўскай школе сёлета атрымаўся рэкордны за апошнія гады выпуск – 12 хлопцаў і дзяўчат. “Добра памятаю першую лінейку сваёй дачушкі Насці – малыя тады нават толкам не разумелі, куды і навошта іх вядуць. Цяпер жа нашы дзеці дакладна ведаюць, па якім шляху крочыць і што ад іх патрабуецца”, – зазначыў Юрый Пятровіч Танана. Выдатніцу Анастасію, актывістку Сафію Пугач, лепшага спартсмена школы Кірыла Пранніка і ўсіх іншых сёлетніх выпускнікоў будуць з настальгіяй успамінаць настаўнікі. Дарэчы, яны падрыхтавалі для імпрэзы арыгінальнае выступленне: спявалі, танцавалі і сцэнку паказалі: пераўвасобіліся ў школьнікаў і з гумарам распавялі, якія розныя бываюць вучні. Але абсалютна кожнаму знаходзіцца мястэчка ў іх шчодрых і мудрых сэрцах.
“Мы выраслі! Бывайце! Дзякуй!” Усё калісьці заканчваецца. Але толькі для таго, каб распачацца наноў чарговым вітком жыццёвай спіралі. Ды хай жа будзе гэты шлях высокім і шчаслівым.
Наталля БАГДАНОВІЧ, Вольга КАМАРКОВА.
Сёлета на Ушаччыне 64 выпускнікі адзінадцатых класаў.
Традыцыйна актыўны ўдзел ва ўрачыстасцях прыняў райкам БРСМ. Так, валанцёрам праекта “Добрае сэрца” з Ушацкай і Глыбачанскай школ былі ўручаны падарункі і рэкамендацыі ад цэнтральнага камітэта грамадскага аб’яднання для паступлення ў навучальныя ўстановы. Выпускнікі ўсіх сельскіх школ раёна атрымалі святочныя торты.