Амаль усё вялікае зроблена маладымі! З афарызмам, якім пачаў сваю віншавальную прамову на ўрачыстасці, прысвечанай Дню моладзі і студэнцтва, намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў, магчыма, нехта і не пагодзіцца. Маўляў, тым, хто толькі пачынае самастойны шлях, не хапае вопыту і разважлівасці, ды і кіруючыя пасады ім не так часта давяраюць. Аднак ва ўсе часы маладыя, энергічныя амбіцыйныя людзі генерыравалі смелыя ідэі і рухалі прагрэс!
Так, Эйнштэйн, Курчатаў, Кеплер свае галоўныя адкрыцці зрабілі ў юнацтве, Джобс у 21 год заснаваў кампанію Apple, Цукерберг у 19 стварыў Facebook, а Ілан Маск у 12 распрацаваў першую камп’ютарную праграму, а ў 27 стаў мільянерам. У біяграфіі ўшачан, што сабраліся ў гэты дзень у зале цэнтра культуры, такіх глабальных дасягненняў пакуль няма, аднак яны рэалізуюць свае памкненні і таленты ў штодзённых карысных для грамадства справах. Так, работнік раёна электрасетак Станіслаў Капусцёнак прыкладае веды і ўменні, каб землякі былі забяспечаны электрычнасцю, выратавальнік-пажарны Максім Клімашэўскі заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу людзям, у сферы кааперацыі шчыруе Аляксей Грыневіч, ветфельчар “Сафійскіх дароў” Яна Рэуцкая дбае пра тое, каб на нашых сталах былі якасныя прадукты, паспелі ацаніць на Далеччыне добрыя і ўмелыя рукі медсястры мясцовай бальніцы Таццяны Мядзянік, Вікторыя Малак спраўляецца з бухгалтэрыяй бюджэтных арганізацый, а культработнік Аляксандр Грыневіч блістае не толькі на раённай сцэне. Гэтыя маладыя людзі вылучаюцца актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, удзельнічаюць у культурна-спартыўным жыцці – за ўсё гэта яны былі заахвочаны падарункамі ад аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама.
Пра тое ж, якая таленавітая наша моладзь, сведчылі нумары канцэртнай праграмы, самым эфектным з якіх стаў фінальны, дзе на сцэну выйшлі актывісты раённай арганізацыі БРСМ, удзельнікі патрыятычнага, валанцёрскага, студатрадаўскага руху. І іх маладыя натхнёныя твары стваралі ўпэўненасць, што будучыня нашага раёна і ўсёй краіны – такая ж светлая і пазітыўная.
Наталля БАГДАНОВІЧ.