Галоўнай і вельмі прыемнай падзеяй апошніх дзён для жыхароў Старога Сяла Жарскага сельсавета стала адкрыццё ў вёсцы новага магазіна “Фермер”.
Як вядома, спажыўкааперацыя зараз перажывае не самыя лепшыя часы, і нядаўна Докшыцкім філіялам, у склад якога ўвайшоў Ушацкі, было прынята рашэнне аб закрыцці гандлёвай кропкі ў Старым Сяле. Нізкі асартымент тавараў не прыносіў высокай выручкі і адпаведна не апраўдваў затраты на ўтрыманне магазіна. Праз вёску праходзіць аўтакрама, але ж поўнасцю задаволіць патрэбы населенага пункта, у якім пражывае каля 150 чалавек, такім чынам немагчыма.
Падставіць плячо сваім аднавяскоўцам вырашыла ўраджэнка вёскі, індывідуальны прадпрымальнік Алена Шаўчэнка. Новая кропка запрацавала ў тым жа памяшканні, прычым, зроблена было ўсё без прамаруджвання і пакупнікам не прыйшлося доўга цярпець нязручнасці з гандлёвым абслугоўваннем. У пятніцу вяскоўцы дружна сабраліся на ўрачыстае адкрыццё магазіна, хаця на ват напярэдадні тут ужо адпускалі неабходныя тавары, каб не пакінуць людзей без прадуктаў.
– З’яўляюся дырэктарам прыватнай установы адукацыі ў Віцебску, і ад яе працуе гандлёвая сетка пад назвай “Фермер”. І я рада, што сёння ён пашы рыў свае тэрыторыі і з’явіўся ў маёй роднай вёсцы, – кажа Алена Іванаўна. – Як доўга я прымала такое рашэнне? У падобных выпадках звычайна ўсё пралічваеш, узважваеш “за” і “супраць”, думаеш, ці выгадна. Шчыра скажу, што я гэтага не рабіла: калі даведалася аб закрыцці магазіна, адразу ўзялася за справу. Хачу выказаць вялікую ўдзячнасць за падтрымку кіраўніцтву Ушацкага райвыканкама, сельвыканкама, а таксама ўсім, хто дапамагаў мне ў рэалізацыі ідэі, абсталяванні магазіна, які быў падрыхтаваны да адкрыцця за лічаныя дні. Гандлёвая кропка вёсцы, безумоўна, патрэбна. Бачу задаволеныя твары пакупнікоў, а значыць – я на правільным шляху.

А вяскоўцы сапраўды вельмі рады, бо паліцы магазіна запоўнены ўсімі неабходнымі таварамі: малочка ад розных вытворцаў, вялікі выбар мясной і рыбнай прадукцыі, хлебабулачныя вырабы і бакалея, агародніна і кансервы, напіткі і ласункі, гаспадарчыя тавары. Нават самы патрабавальны пакупнік наўрад ці выйдзе без пакупак! Місія прадаўца даручана Алене Алексяёнак, якая ў першыя дні ўліваецца ў рабочыя будні з дапамогай гаспадыні.
– Канечне, мы вельмі задаволены! У вялікай вёсцы не абысціся без магазіна, асабліва тым, хто не мае магчымасці ездзіць у гарады. Такі шырокі асартымент, можна купіць усё, што неабходна. Наша Алена зрабіла для нас вялі кую і добрую справу, за што мы ёй вельмі ўдзячны! У такую гандлёвую кропку ідзеш з задавальненнем! – агучыла ўражанні ўсіх вяскоўцаў Таццяна Уладзіміраўна Бірукова. Ну а за першых некалькіх дзён ацанілі новы магазін і зрабілі тут пакупкі не толькі жыхары Старога Сяла, а і ўсіх бліжэйшых вёсак.
►Дарэчы, магазін носіць такую назву не проста так: большасць прадуктаў – гэта фермерскі тавар, у асноўным пастаўшчыкоў з Мінска, Магілёва, Брэста, Барысава. Для пенсіянераў, інвалідаў на ўсю прадукцыю дзейнічае скідка 3%, а для імяніннікаў – 5%. Зручны і графік работы – штодня, акрамя нядзелі.
Вольга КАМАРКОВА.