Працоўнае лета ў разгары. На бягучым тыдні за праполку іглічных раслін у пітомніку Ушацкага лясгаса ўзяўся маладзёжны экалагічны атрад “Патрыёты” імя Героя Савецкага Саюза Ф.Ф.Дуброўскага.
На гэты раз у складзе дружнай каманды, сабранай райкамам БРСМ, – ажно 22 байцы ва ўзросце ад 14 гадоў. Хтосьці ўпершыню атрымаў працоўную кніжку, а некаторыя – як, напрыклад, Вольга Цімафеева, Улад Іваноў, Марыя Мялешка – шчыруюць на адзначаных работах штогод. Актыўна далучыліся да школьнікаў і студэнты, выпускнікі ўстаноў адукацыі раёна. Камандзірам жа атрада стала Паліна Дзенісёнак, якая ўжо неўпершыню частку свайго “настаўніцкага” водпуску вырашыла правесці з карысцю.
Пуцёўку ў працоўнае лета ў рамках урачыстасці на цэнтральнай плошчы райцэнтра юнакам і дзяўчатам уручыў намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў. Знакавай падзеяй для многіх стала таксама атрыманне новых смарт-білетаў БРСМ.
Названы студатрад будзе задзейнічаны ў пітомніку да 25 ліпеня. Аднак гэтых дзён будзе дастаткова, каб падзарабіць: у лясгасе паабяцалі кожнаму каля 300 рублёў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.