Па інфармацыі Ушацкага РАУС, у чэрвені бягучага года ў раёне ўзбуджана сем крымінальных спраў.
Напамін з мінулага
Са старэйшым таварышам, у якога быў аўтамабіль, уражэнец Талачынскага раёна 2002 года нараджэння выпіваў у вёсцы Градзянец. Застолле зацягнулася, што не дазволіла абодвум дакладна прыгадаць, як наш “герой” аказаўся за рулём. Без гаспадара транспартнага сродку ён катаўся па дарогах раёна, трапіў у аварыю, а пасля нават хацеў здаць разбіты “Аўдзі” на металалом. Падрабязнасці справы ўстановяць праваахоўнікі – па ўзгаданым факце ўзбуджана крымінальная справа.
Засумавалі па кратах
Над судзімымі жыхарамі раёна 1985 і 1989 гадоў нараджэння супрацоўнікамі крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі ажыццяўляўся прэвентыўны нагляд. Аднак такая акалічнасць мала мужчын непакоіла – маладзейшы ў вызначаны час адсутнічаў па месцы жыхарства, а старэйшы ўвогуле з’ехаў у Расійскую Федэрацыю. У адносінах абодвух узбуджаны чарговыя крымінальныя справы.
Дакументы з “карэкціроўкай”
Праблемы з законам зарабіла сабе дагэтуль не судзімая наша зямлячка 1988 года нараджэння. З’яўляючыся загадчыцай малочна-таварнай фермы адной з гаспадарак раёна, жанчына хацела ўтаіць факт падзяжу жывёлы – для гэтага ўнесла ў дакументы несапраўдныя звесткі.
Прызыўнік-невідзімка
Служба ў арміі ў бліжэйшыя планы ўраджэнца Наваселля 2001 года нараджэння яўна не ўваходзіла. Інакш як патлумачыць той факт, што атрымаўшы павестку, ён без уважлівых на тое прычын двойчы не з’явіўся на пасяджэнне прызыўной камісіі. Размову з ім цяпер будуць весці праваахоўнікі – па ўзгаданым факце ўзбуджана крымінальная справа.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.