Ушаччина присоединилась к республиканскому велопробегу

Cпорт Общество

Маштабны велапрабег, прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 900-годдзю з дня заснавання Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, праходзіць на гэтым тыдні ў Беларусі. Стартаваў ён у дзвюх супрацьлеглых кропках краіны – Брэсцкай крэпасці і старажытным Полацку. Удзельнікі – а сярод іх як прафесійныя спартсмены, так і веласіпедысты-аматары – пераадолелі сотні кіламетраў па дарогах розных абласцей Беларусі, а сёння сустрэнуцца ў Мінску ля храма-помніка Усіх Святых.

Галоўныя арганізатары – Міністэрства спорту і турызму і Беларуская праваслаўная царква – мяркуюць, што да мерапрыемства на ўсіх этапах далучылася больш 3 тысяч веласіпедыстаў: некаторыя пераадолелі ўвесь шлях, а іншыя – толькі сімвалічную дыстанцыю.

Маршрут быў распрацаваны так, каб удзельнікі змаглі наведаць знакавыя, святыя месцы Беларусі, а таму натуральна, што прайшоў ён і праз наш гераічны раён. У аўторак веласіпедысты прыбылі на гасцінную Ушаччыну, дзе іх чакала змястоўная праграма. Усіх уразіла экспазіцыя музея народнай славы імя У.Е.Лабанка, пабывалі госці і ў царкве святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры, а пасля адпачынку ў камфортных нумарах спартыўнага інтэрната раніцай серады накіраваліся ў далейшы шлях – на комплекс “Прарыў”.

Далучыліся да акцыі і амаль тры дзясяткі ўшацкіх велааматараў з розных працоўных калектываў. “Калі даведаліся, што будзе ладзіцца такі прабег, захацелі ў ім паўдзельнічаць і, канечне, не пашкадавалі: з задавальненнем праехалі ў агульнай калоне, з асаблівым пачуццём аддалі даніну памяці героям-партызанам у час мітынгу на “Прарыве”, – падзяліліся ўражаннямі інжынеры Ушацкага лясгаса Аляксандр Рахманенка і Анастасія Клопава.

Не ў першы раз адправіліся ў сімвалічную веласіпедную вандроўку прадстаўніцы раённай арганізацыі “Беларускага саюза жанчын”, а яе старшыня Дзіна Садоўская заўсёды натхняе іншых уласным прыкладам. Традыцыйна актыўнасць у грамадскіх справах праявілі члены галіновых прафсаюзаў.

Як і належыць, падтрымала годную ініцыятыву ўшацкая моладзь. “Літаральна на днях стаў дыпламаваным спецыялістам: пасля заканчэння БНТУ прыехаў на малую радзіму, каб распачаць працоўную кар’еру майстрам у раёне электрасетак, – падзяліўся з намі Мікіта Фядосенка. – А пакуль ёсць некалькі вольных дзён – чаму б не прысвяціць час цікавай і карыснай справе. Любоў да спорту бацькі прывілі мне з дзяцінства, як і патрыятычныя пачуцці да сваёй краіны”.

Памяць з’яўляецца сувязуючым звяном паміж пакаленнямі беларусаў, і вельмі важна захоўваць і перадаваць нашчадкам гістарычную праўду, умацоўваць духоўны падмурак беларускай нацыі. Якраз на гэта нацэлены падобныя акцыі. Жыць пад мірным небам, ганарыцца родным краем і адкрываць для сябе яго нязведаныя куточкі, ствараць сем’і і набываць новых сяброў – хіба гэта не сапраўднае шчасце, дзеля якога не шкадавалі свайго жыцця нашы продкі-героі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *