Нядаўна мы расказвалі пра ўрачысты старт працоўнага семестра для маладзёжнага экалагічнага атрада “Патрыёты” імя Героя Савецкага Саюза Ф.Ф.Дуброўскага, работа якога арганізавана райкамам БРСМ. Вось ужо два тыдні хлопцы і дзяўчаты шчыруюць у лесапітомніку Ушацкага лясгаса – і мы пацікавіліся, як праходзяць іх працоўныя будні.
“Займаемся праполкай саджанцаў елкі еўрапейскай і іншых культур у школьным аддзяленні – так называецца месца, дзе крыху падрошчаныя хвойнікі гадуюцца да моманту, пакуль іх не высадзяць у новыя лясныя кварталы, – расказвае камандзір атрада Паліна Дзенісёнак. – Працуем з 8 да 12, умовы створаны належныя. Работа не патрабуе спецыяльных навыкаў, так што ўсе з ёю спраўляюцца – стараемся не падвесці нашых працадаўцаў, якія вельмі прыхільна да нас ставяцца!”.
“Мяне можна ўжо назваць ветэранам студатрадаўскага руху! – падзялілася з намі старшакласніца Марыя Мялешка. – Працавала на розных працэсах, і займацца доглядам раслін у пітомніку мне асабліва падабаецца: прыемна адчуваць, што такім чынам мы спрыяем таму, каб наша малая радзіма заставалася экалагічна чыстай і багатай на лясы”.
А як ацэньваюць працу юнакоў і дзяўчат лесаводы? Пацікавіліся пра гэта ў начальніка лесапітомніка Сяргея Машчонка. “Напэўна, адказам на пытанне будзе той факт, што сёлета ў нас працуюць 22 студатрадаўцы – амаль удвая больш, чым летась. Маладыя памочнікі вельмі дарэчы ва ўмовах кадравага дэфіцыту, а якасцю іх работы мы ў цэлым задаволены”.
Дарэчы, з 4 жніўня на працоўную вахту ў лясгасе заступіць яшчэ адзін працоўны дэсант – студатрад “Юнацтва” імя Героя Савецкага Саюза У.Е.Лабанка.
Наталля БАГДАНОВІЧ.