Выпускніца Ушацкай школы Ксенія Барысёнак у чарговы раз парадавала выдатным вынікам. На міжнароднай алімпіядзе па біялогіі, якая праходзіла на мінулым тыдні на Філіпінах, наша зямлячка заваявала бронзавы медаль! Сапернікамі Ксеніі і яе таварышаў па зборнай былі больш за 300 школьнікаў з 78 краін свету, але беларусы зноў даказалі высокі ўзровень сваіх ведаў, атрымаўшы тры “бронзы”.
Традыцыйна наша каманда фарміруецца з пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд, і кандыдатамі на паездку на галоўнае спаборніцтва года былі 11 лепшых юных біёлагаў краіны. У склад зборнай адабралі толькі чацвярых, у тым ліку і нашу Ксенію. На працягу месяца навучэнцы старанна рыхтаваліся да алімпіяды ў лабараторыях Мінскага медуніверсітэта і БДУ. Акрамя найвышэйшай канкурэнцыі і хвалявання праблемным момантам для беларусаў стала аддаленасць месца правядзення спаборніцтваў. Каб трапіць у самы буйны горад Філіпін Кесон-Сіці (мерапрыемства праходзіла на базе мясцовага ўніверсітэта), ім давялося пераадолець 9000 кіламетраў – прычым, ляцелі з перасадкамі ў Маскве і Кітаі. Хутка адаптавацца да нязвыклага гадзіннага поясу было немагчыма, таму ўсе адчувалі пэўны дыскамфорт, мелі праблемы са сном. Зрэшты, гэта не перашкодзіла годна справіцца з выпрабаваннямі! Заданні ж на алімпіядзе былі самыя розныя і датычыліся клеткавай і малекулярнай біялогіі, генэтыкі, эвалюцыі, анатоміі раслін і жывёл, экалогіі, біямедыцынскіх навук і іншых напрамкаў. Цяпер Ксюша вярнулася на радзіму і ў яе будзе крыху часу, каб адпачыць перад новым этапам жыцця – вучобай у Белдзяржуніверсітэце. Менавіта вядучую ВНУ нашай краіны яна абрала для свайго далейшага развіцця ў любімай навуцы – будзе асвойваць спецыяльнасць “Біятэхналогія”. Жадаем дзяўчыне новых поспехаў, а яе бацькам і настаўнікам шчыра дзякуем за годнае выхаванне і навучанне нашай яркай ушацкай зорачкі.
Алімпіяда дала нам магчымасць не толькі паказаць свае веды, але і пазнаёміцца з сучаснымі дасягненнямі ў галіне біялогіі, абмяняцца вопытам з іншымі ўдзельнікамі, – расказвае Ксенія. – Ды і пабываць у такой экзатычнай краіне было цікава! Для нас правялі экскурсію па старым горадзе, расказалі шмат цікавага пра часы, калі краіна была пад уладай каланізатараў. А яшчэ мы пабывалі на ўзбярэжжы Ціхага акіяна!”