Адной з самых абмяркоўваемых навін бягучага тыдня стала падпісанне Прэзідэнтам Беларусі Указа №295, якім карэкціруюцца правілы дарожнага руху. Асноўныя навацыі дакумента датычыцца выкарыстання веласіпедаў, самакатаў і іншых сродкаў персанальнай мабільнасці. Змяненні закранаюць тым ці іншым чынам кожнага з нас і прадыктаваны часам.
Хуткасць абмежавана
Перагледжаны падыходы да выкарыстання сродкаў персанальнай мабільнасці, паколькі з’явіліся новыя прылады, якія не падпадаюць пад класічнае паняцце. Яны здольны развіваць хуткасць да 80 км/г і па тэхнічных параметрах адпавядаюць больш электраскутэрам і мапедам, чым электрасамакатам. Па сутнасці, гаворка ідзе аб паўнавартасным транспарце, які перамяшчаецца па тратуары, ствараючы небяспеку для пешаходаў. У гэтай сувязі ўдакладняецца само паняцце “сродак персанальнай мабільнасці”. Пад ім разумеецца прылада, якая мае электрарухавік і максімальную хуткасць да 25 км/г.
Уводзяцца хуткасныя абмежаванні: ездзіць на электрасамакатах, сегвеях, монаколах можна будзе па веладарожцы з хуткасцю не больш за 25 км/г, па тратуары – не больш за 10 км/г. Забараняецца перамяшчэння цяжкіх прылад, маса якіх перавышае 35 кг, па тратуары. Электрычным прыладам, якія па тэхнічных характарыстыках могуць быць аднесены да мапедаў і матацыклаў, даецца права ўдзельнічаць у дарожным руху. Для гэтага трэба будзе пацвердзіць тып транспартнага сродку, аформіць на яго электронны пашпарт і зарэгістраваць у ДАІ. У залежнасці ад магутнасці рухавіка на іх спатрэбіцца пасведчанне катэгорыі А, А1 або АМ.
Тэрыторыі садаводчых таварыстваў цяпер аднесены да жылой зоны і іх ўладальнікі могуць звярнуцца ў ДАІ для ўзгаднення ўстаноўкі адпаведных дарожных знакаў. Гэта значыць, веласіпедысты і карыстальнікі СПМ маюць прыярытэт, але яны не павінны наўмысна перашкаджаць руху аўтамабілістаў.
Абавязкова спешваемся!
Адна з важных паправак: веласіпедыстам і карыстальнікам СПМ трэба абавязкова каціць сродак нават на велапераездах. Не спешвацца можна пры руху па лініі тратуараў або абочын (але трэба саступаць дарогу іншым транспартным сродкам). Гэта выключэнне характэрна асабліва для сельскай мясцовасці, калі тратуар або абочына ідуць уздоўж жылой зоны і праз кожныя 20-30 м ёсць выезды з гэтай зоны.
Веласіпедысты і самакатчыкі, якія не спешыліся, могуць атрымаць штраф ад адной да трох базавых велічынь. Калі ж парушэнне дапушчана ў стане алкагольнага ап’янення – да пяці базавых. Пры стварэнні аварыйнай абстаноўкі штраф дасягне васьмі базавых, а пры цяжкіх наступствах – да 20-ці.
Здарэнняў стала больш
Ад кадраў з месцаў здарэнняў на дарогах, якія прадставіла Міністэрства ўнутраных спраў, замірае сэрца – самакатчыкі на вялікай хуткасці “вылятаюць” на пешаходныя пераходы прама пад колы аўто, замінаюць пешаходам. На прэс-канферэнцыі для СМІ начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў прывёў красамоўныя лічбы: за два апошнія гады адбылося каля 900 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам веласіпедыстаў і карыстальнікаў СПМ. Усплёск аварый адзначаны ў 2024 годзе – тады загінула 4 карыстальнікі СПМ, у першым паўгоддзі 2025 года – ужо тры чалавекі. З улікам такіх абставін карэкціроўкі правіл дарожнага руху жыццёва неабходны.
Таніроўка дазволена, а “ўсесезонка” пад забаронай
Ёсць і іншыя карэкціроўкі, якія закранаюць ужо непасрэдна вадзіцеляў. Замацавана магчымасць перамяшчэння на мотаблоку з прычэпам. Такі рух дапускаецца ў светлы час сутак па абочыне дарогі, дзе дазволеная хуткасць не перавышае 90 км/г. Пры адсутнасці абочыны – не далей за 1 метр ад краю праезнай часткі. ДАІ пры гэтым нагадвае, што для кіравання мотаблокам вадзіцельскае пасведчанне не трэба, але тым, хто пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі, кіраваць ім нельга.
Важнае змяненне датычыцца таніроўкі: дазволена нанясенне плёнкавых пакрыццяў, устаноўка шторак на задніх бакавых і заднім шкле аўтамабіля. Пры гэтым якіх-небудзь нормаў па святлопрапусканні не ўстаноўлена. Разам з тым ДАІ будзе займаць прынцыповую і жорсткую пазіцыю, калі таніроўку наносяць на пярэдняе шкло – гэта парушэнне правіл.
Таксама прыведзена ў адпаведнасць з тэхрэгламентам выкарыстанне шын: усесезонныя з маркіроўкай All Season можна выкарыстоўваць з вясны да восені, а ўжо ў зімовы перыяд – выключна зімовыя шыны з адпаведнай маркіроўкай.
Кампетэнтны каментарый: начальнік аддзялення дзяржаўтаінспекцыі Ушацкага РАУС Мікалай Гаўрылюк: “Тэма надзвычай актуальная. У апошнія гады значна ўзрасла колькасць карыстальнікаў сродкаў персанальнай мабільнасці, а вось культура іх паводзін на дарогах пакідае жадаць лепшага. Сёлета ва Ушачах двое дзяцей на электрасамакаце на перасячэнні вуліц Авангарднай і Шэдзько сутыкнуліся з аўтамабілем “Лада” і атрымалі траўмы. Тыповыя парушэнні сярод веласіпедыстаў – невыкарыстанне камізэлек у цёмны час сутак, рух па праезнай частцы пры наяўнасці тратуараў. Унесеныя змены, упэўнены, паспрыяюць зніжэнню аварыйнасці на дарогах”.
Мы пацікавіліся ва ўшацкіх аўтамабілістаў іх меркаваннем наконт новаўвядзенняў. 10 з 10 апытаных падкрэслілі, што іх узрадавала карэкціроўка аб спешванні веласіпедыстаў: нярэдка на пешаходных пераходах яны, нават не гледзячы па баках, на вялікай хуткасці выязджаюць прама перад капотам аўто. Большасць з разуменнем адносіцца да забароны выкарыстання ўсесезонных шын – для сваёй жа бяспекі лепш перастрахавацца. Многія пазітыўна ўспрынялі навіну і аб дазволе таніроўкі шкла і ўжо разглядаюць варыянты для сваіх аўто.
Змяненні ў Правілы дарожнага руху ўступяць у сілу з 1 верасня. Магчыма, у нашых чытачоў ёсць пытанні па тэме, пакідайце іх у нашых сацыяльных сетках, чат-боце ў “Тэлеграм”, агучвайце па тэлефонах рэдакцыі. Мы адрасуем іх супрацоўнікам ДАІ і апублікуем адказы на старонках газеты.
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.