У цэнтры ўвагі зараз пытанні арганізацыі гандлю таварамі школьнага і дашкольнага асартыменту. Праверкі Камітэта дзяржкантролю сведчаць, што напярэдадні пачатку новага навучальнага года значна пашыраны асартымент тавараў. Напрыклад, арганізаваны продаж пісьмовых і канцылярскіх прылад з вылучэннем асобных зон у крамах “Санта”, “Міла”, “Маяк”, “Капеечка”, “Дабраном” і іншых. Стараюцца павялічыць асартымент школьных тавараў і спецыялізаваныя кропкі, а таксама суб’екты малога бізнэсу.
Так, у магазіне “БелБланк” РУП “Выдавецтва “Белбланкавыд” ва Ушачах на момант праверкі 6 жніўня быў прадстаўлены шырокі асартымент школьна-пісьмовых і канцылярскіх тавараў, які істотна перавышаў колькасць патрэбных па абавязковым пераліку. Да прыкладу, пакупнікам прапаноўваліся сшыткі школьныя (ліноўкі) 9 разнавіднасцяў, агульныя – 7, альбомы для малявання – 8, наборы кардона і каляровай паперы – 7, фарбы акварэльныя – 12, нажніцы школьныя – 6, ручкі шарыкавыя – 26, алоўкі – 17 і інш. Разам з тым у шэрагу гандлёвых аб’ектаў устаноўлены факты наяўнасці ў продажы тавараў з сышоўшым тэрмінам прыдатнасці (ручкі шарыкавыя, гуаш, туш і інш.). Асобнымі прадаўцамі вузкі асартымент школьнага адзення тлумачыўся зніжэннем попыту ў сувязі з пераходам пакупнікоў на маркетплейсы. Суб’ектам накіраваны рэкамендацыі аб ліквідацыі парушэнняў.
Для аналізу сітуацыі і паляпшэння арганізацыі гандлю Камітэтам дзяржкантролю вобласці будзе праводзіцца “гарачая лінія” з жыхарамі рэгіёну, на якую можна паведаміць аб праблемах, якія ўзнікаюць пры падборы тавараў для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. Звароты будуць прымацца 15 жніўня з 10:00 да 16:00 (перапынак з 13 да 14) па тэлефоне (80212) 37-54-53. Інфармацыю таксама можна накіроўваць да 20 жніўня па электроннай пошце kgkvitebsk@mail.belpak.by з пазнакай “Школа”. Звяртаем увагу, што такія паведамленні не падлягаюць разгляду ў парадку, вызначаным законам Рэспублікі Беларусь ад 18.07.2011 № 300-з.