Какие происшествия зарегистрированы в Ушачском районе в июле?

Происшествия

Па інфармацыі райаддзела міліцыі, у ліпені на Ушаччыне ўзбуджана дзевяць крымінальных спраў. Па-ранейшаму абсалютная большасць – крадзяжы (пяць фактаў). 

З сякерай на праваахоўніка
Сур’ёзныя праблемы з законам зарабіў сабе жыхар райцэнтра 1955 года нараджэння. У той дзень мужчына выпіваў са сваімі суседзямі, ну а калі тыя заняліся гаспадарчымі справамі – узяліся вешаць вазоны з кветкамі на фасад дома – пачаў актыўна выказваць незадаволенасць. Прычым, толькі словамі не абышоўся – схапіўся за сякеру. Грамадзяне звярнуліся ў райаддзел міліцыі. Але ж ушачаніна гэта не “ацвярозіла”: на прадстаўніка ДПС, які першым прыбыў на месца, ён гэтак жа кінуўся з сякерай. Па факце пагрозы прымянення насілля ў адносінах супрацоўніка органаў унутраных спраў узбуджана крымінальная справа. Санкцыя адпаведнага артыкула прадугледжвае адказнасць да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Падман не ўдаўся
Не пабаялася пераступіць мяжу закону наша зямлячка 1965 года нараджэння. З’яўляючыся загадчыцай малочна-таварнага комплексу адной з гаспадарак раёна, жанчына меркавала ўтаіць факт падзяжу 34 галоў буйной рагатай жывёлы – для гэтага ўнесла ў дакументы несапраўдныя звесткі.

Выпіць, паесці… і сесці
Чужы дом у Гуце стаў аб’ектам увагі дагэтуль не судзімага жыхара Ільюшына. Знаходзячыся “падшафэ”, мужчына без праблем пранік у памяшканне (дзверы былі незачынены), адкуль выкраў па адной бутэльцы віна, піва, кваса, упакоўку сасікак і два курыныя яйкі.
Урон, які панесла пажылая гаспадыня, склаў каля 33 рублёў.

Няўдалая “паркоўка”
Незаконна разжыцца на веласіпед коштам амаль 120 рублёў паспрабаваў у нашым раёне пенсіянер з Полаччыны. Дарэчы, праблем з законам у яго дагэтуль не было. Пакінуты без нагляду і ўсялякіх замкоў транспартны сродак мужчына прыкмеціў ля кафетэрыя “Ежа&Кава” ў Сарочыне.
Пабывалі злодзеі і ля аднаго з дачных дамоў у Кавалеўшчыне. Тое ж, што іх зацікавіла, мякка кажучы, здзіўляе: з падворка знік толькі драўляны туалет, кошт якога ацэнены ў 500 рублёў.

Праверылі – і вачам не паверылі!
Наяўнасць не знятай і не пагашанай судзімасці не спыніла ад новых “прыгод” 21-гадовага ўраджэнца вёскі Ляхі. У магазіне “Санта” ён прыкмеціў незачыненую камеру захоўвання, у якой аказаўся ноўтбук коштам 700 рублёў. Праўда, нядоўга радаваўся здабычы: трапіў “на камеры” і пад увагу праваахоўнікаў.
Напэўна, не разлічваў на такую “ўдачу” і пакуль не вядомы злодзей, які “правёў рэвізію” ў чужым двары ў вёсцы Увалокі. У незачыненай гаспадарчай пабудове ляжаў цеплапрыцэл коштам ажно 5 тысяч рублёў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *