Гэты матэрыял, мяркую, будзе карысным нашым чытачам. Ва ўсялякім выпадку мы ў сямейным крузе заспрачаліся наконт каштоўнасці марожанага і яго “засакрэчаных” складнікаў. І добра, што маецца свой эксперт: наша зямлячка Ірына Фёдараўна Марголь працуе тэхнолагам “Марозпрадукта” – таго самага флагмана, што пастаўляе па краіне “20 капеек” ці “Сямейнае”. Яна і адказала на ўсе пытанні.
Замяняльнік цукру – не значыць хімія
На адным з пачакаў прачытала: замяняльнік цукру – і пашкадавала, што не заўважыла гэтага ў краме. Падумалася, патаннілі прадукт, вось і заклалі танную хімію. Аказваецца, замяняльнік замяняльніку – розніца, і побач з распаўсюджанымі сінтэтычнымі існуе шмат натуральных, самы хадавы з якіх – фруктоза – выцяжкі з ягад і фруктаў. Яна мае тую ж каларыйнасць, што і цукар, а таксама аднолькавы глікемічны індэкс, што зусім непажадана хворым на цукровы дыябет. Самы нізкі ён сярод сіропаў (кляновы, какосавы, фінікавы) у тапінамбуры. Ды і па каларыйнасці земляная груша самая бясшкодная. Так што калі бачыце на пачаку такі замяняльнік – не хвалюйцеся за здароўе.
Перакус, што не “харчуе” карыес
“Марозпрадукт” замест цукру выкарыстоўвае мальтыт і спірыт – спірты, атрыманыя з крухмалу, якія валодаюць тымі ж уласцівасцямі, аднак на 10-25 працэнтаў менш салодкія. Яны да таго ж не “харчуюць” і значыць, не развіваюць карыес. З іх утрыманнем выпускаецца эфектыўны перакус (на здымку): пратэін ці бялок у ім павышаны да 8 працэнтаў у ста грамах, а тлустасць зніжана ўсяго да 2-х, так што каларыйнасць у 100 грамах марожанага дасягае ўсяго 80 кілакалорый.
Вегетарыянскія дэсерты
Аказваецца, ёсць “марожанае” і для тых, хто не ўжывае прадукты жывёльнага паходжання ці чый арганізм не прымае бялок малака і лактозы. Праўда, з’явілася зусім нядаўна. Вытворцы не стаяць на месцы і шукаюць не толькі модныя эфектныя навінкі, але і карысныя. Тэхнолаг параіла звярнуць ўвагу на вегетарыянскія дэсерты. Рыхтуюцца яны не з каровінага, а аўсянага і какосавага “малака”, плюс далучаюцца кампаненты, павышаючыя смакавыя вартасці: клубніка, фісташкі, какос. Водар апошняга атрымліваецца толькі на аснове какосавай стружкі, малака або масла – цалкам натуральны.
Фарбавальнік з буракоў
Не варта баяцца і прыгожага колеру на марожаным ці лёдзе. Чырвоны – з самых натуральных буракоў, жоўты – бэта-карацін, зялёны – хларафіл (выцяжкі з лістоў раслін). Так што проста ўважліва чытайце састаў прадукту, а нашы падказкі, мяркую, спатрэбяцца вам пры выбары.
Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.