Чтоб отдых у воды не принёс беды!

Профилактика и безопасность

Як сябе паводзіць на вадзе, на мінулым тыдні на вадаёмах нагадваў ушачанам летні патруль – супрацоўнікі МНС сумесна з раённым таварыствам выратавання на водах, членамі маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, актывістамі БРСМ штогод праводзяць  прафілактычныя рэйды ў рамках акцыі «Летні патруль». Да аднаго з іх далучыліся і мы.

Спрыяльныя ўмовы для купання – бязветранае надвор’е, тэмпература паветра 25 і больш градусаў, а вады – не ніжэй 18. Нельга плаваць у стане ап’янення (зрэшты, большасць з 23 загінуўшых у краіне за мінулыя выхадныя былі якраз “падшафэ”), ныраць у незнаёмых месцах. Калі вас захапіла цячэннем, трэба плыць па ім, паступова пад вуглом набліжаючыся да берага. Калі трапілі ў вір, набярыце больш паветра ў лёгкія, пагрузіцеся ў ваду і, зрабіўшы моцны рывок убок, усплывайце. Надзіманыя матрацы і камеры можа аднесці ад берага. Нельга ныраць пад плыўцоў, “тапіць” іх, падаваць ілжывыя сігналы аб бедстве.

Калі вы бачыце, што чалавек тоне, клічце на дапамогу, тэлефануйце па нумарах 101, 112. Выратавальным сродкам можа стаць круг, матрац, дошка і іншае. Калі добра плаваеце – набліжайцеся да тонучага не спераду, каб у прыступе панікі ён не зацягнуў у ваду, а са спіны. Падхапіце яго пад рукі ці за валасы, перавярніце тварам уверх і плывіце да берага. Там, калі тапельцу дрэнна, пакладзіце яго на сагнутае калена жыватом (тварам уніз), так вада выйдзе з лёгкіх. Галава пры гэтым павінна быць ніжэй грудной клеткі. Перавярніце пацярпелага, пакладзіце на спіну, праверце пульс і дыханне. Калі іх няма – пачынайце рабіць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца.

“Усё гэта мы нагадваем адпачываючым, уручаем тэматычную наглядую прадукцыю. Мы заклікаем людзей не пакідаць дзяцей без нагляду, тлумачыць ім, як паводзіць сябе на вадзе, і самім выконваць правілы”, – адзначаюць інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Ушацкага РАНС Р.Хрыпель і старшыня раённага таварыства выратавання на водах М.Пацэйка. Праводзіць такія выезды патруль плануе да канца лета.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *