Ушачская районная организация БРСМ подвела итоги работы за последние 4 года

Образование и молодежь

Задачу, вынесеную ў загаловак гэтага артыкула, ставілі перад сабой удзельнікі 47-й справаздачна-выбарчай канферэнцыі Ушацкай раённай арганізацыі БРСМ. Дарэчы, маштаб сустрэчы ўражваў: выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, падвесці вынікі зробленага, вызначыць планы на перспектыву прыбылі звыш паўсотні юнакоў і дзяўчат з усіх пярвічак. 

Ю.Белавусава і вучань Ушацкай школы Захар Пахоменка.

Адным з прыярытэтных напрамкаў у рабоце суполкі застаецца патрыятычнае выхаванне моладзі. Праведзена нямала экскурсій па музеях, месцах баявой славы нашых землякоў, сустрэч і дыялогавых пляцовак з ветэранамі, былымі малалетнімі вязнямі. Да Дня ўсенароднай памяці ў раёне праведзена эстафета “22”, а ў рамках міжнароднай “Лічбавай звязды” алічбаваны помнікі і брацкія магілы.

Не застаюцца юнакі і дзяўчаты ўбаку і ад грамадска-палітычнага жыцця краіны. Падчас выбарчых кампаній многія ўваходзяць у склад камісій, працуюць на пікетах, з’яўляюцца назіральнікамі. Сталі традыцыйнымі акцыі “Моладзь вырашае”, “Я галасую ўпершыню”.

Важны напрамак – прафарыентайцыя і працоўная занятасць моладзі, якія ажыццяўляюцца праз работу студэнцкіх атрадаў. Так, у 2021-2025 гадах на летні перыяд было працаўладкавана 185 юнакоў і дзяўчат ва Ушацкі лясгас, УП ЖКГ, раённы цэнтр дзяцей і моладзі, УП “Сафійскія дары”. Актыўнічалі і члены шасці валанцёрскіх атрадаў (зараз гэта 70 чалавек): аказвалі дапамогу ветэранам, пажылым людзям. Удзельнічалі таксама ў рэалізацыі агульнарэспубліканскага праекта #ЗаДело і ў розных дабрачынных акцыях. Так, напрыклад, дапамагалі адзінокім ветэранам працы чысціць снег, наводзіць парадак, складваць дровы, да 1 верасня дарылі маленькім землякам канцылярскія прылады, падкормлівалі бяздомных жывёл.

Пазнаёміцца з работай раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, знайсці відэа і фотаздымкі з праведзеных акцый і мерапрыемстваў можна ў групе “БРСМ-Ушачы” у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”, а таксама на старонцы ў Instagram.

Дбае БРСМ і пра папулярызацыю здаровага ладу жыцця. За справаздачны перыяд сумесна з зацікаўленымі службамі на базе “Юнацтва-Ушачы” наладжаны шэраг спартыўных квестаў, прафілактычных сустрэч і кіналекторыяў. Палюбіўся многім праект “Тата-зала”, які рэалізуецца ва Ушацкай школе. Паспяхова працуюць маладзёжныя атрады аховы правапарадку, створаныя пры райкаме сумесна з райаддзеламі міліцыі і па надзвычайных сітуацыях.

Анастасія Танана з Арэхаўскай СШ.

За чатыры гады праведзена шмат дыялогавых пляцовак, сустрэч, конкурсаў… Але разам з тым у дзейнасці грамадскай суполкі ёсць праблемныя моманты: недастатковае прыцягненне ў рады БРСМ працуючай моладзі, “сціплая” работа некаторых пярвічак (найперш сельскіх), непрадуманы падбор лідараў у іх. Аднак усё гэта вырашальна.

Зараз ва Ушацкай раённай арганізацыі БРСМ 32 пярвічкі і 500 членаў, а гэта 34,7 працэнта ад агульнай колькасці моладзі раёна. За 2021-2025 гады іх рады папоўнілі 276 юнакоў і дзяўчат.

За патрыятычныя акцыі ў падтрымку сталага пакалення, клопат і прывядзенне ў належны стан помнікаў і месцаў воінскіх пахаванняў падзяку актывістам маладзёжнай арганізацыі выказала старшыня раённага савета ветэранаў Ніна Аляксандраўна Васілеўская. Яна нагадала, што ў раёне зараз пражывае амаль 500 чалавек ва ўзросце звыш 80 гадоў, многія з іх могуць штосьці расказаць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, заклікала ўсіх паўдзельнічаць у захаванні такіх успамінаў – запісваць ад блізкіх, знаёмых.

Дэлегаты канферэнцыі прызналі работу раённага камітэта за справаздачны перыяд здавальняючай і вырашылі працягваць рэалізацыю асноўных праектаў і праграм Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Таксама быў выбраны новы састаў раённага камітэта, кантрольнай камісіі, абраны дэлегаты на абласную справаздачна-выбарчую канферэнцыю. Пасада першага сакратара застаецца свабоднай.

Прыемны момант чакаў у гэты дзень прадстаўнікоў Ушацкага лясгаса, раённага цэнтра дзяцей і моладзі, цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый – за садзейнічанне ў арганізацыі другаснай занятасці юнакоў і дзяўчат ім аб’яўлена Падзяка раённай арганізацыі БРСМ. Такую ж узнагароду за плённае супрацоўніцтва атрымаў цэнтр культуры і народнай творчасці, а таксама дзіцячая школа мастацтваў, якая гасцінна прыняла ўдзельнікаў канферэнцыі і дапамагла ў яе правядзенні. За ініцыятыўнасць, актыўны ўдзел у мерапрыемствах і акцыях грамадскага аб’яднання адзначаны дзве пярвічкі: Глыбачанскай і Арэхаўскай сярэдніх школ. Выходзілі на сцэну і “новаспечаныя” БРСМ-аўцы – ім супрацоўніца раённай арганізацыі Юлія Белавусава ўручала смарт-білеты. Закончылася ж мерапрыемства святочным канцэртам, які падрыхтавалі яны – актыўныя, ініцыятыўныя, творчыя маладыя людзі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *