РУП «Белпочта» отмечает 30-летие со дня основания

Общество

Сёння нацыянальны паштовы аператар РУП “Белпошта” адзначае знамянальную дату – 30-годдзе з дня свайго заснавання. Пасля падзелу ў 1995-м прадпрыемстваў пошты і электрасувязі яно атрымала статус самастойнага суб’екта і за тры дзесяцігоддзі стала неад’емнай часткай жыцця кожнага беларуса. Зараз “Белпошта” – гэта не толькі дастаўка лістоў, пасылак, але і шырокі спектр фінансавых, лагістычных, гандлёвых, электронных паслуг, даступных у кожным куточку нашай краіны.

Для ўшачанкі Наталлі Аўдошка ёсць нагода парадавацца і ўласнаму прафесійнаму юбілею: у сістэме паштовай сувязі яна працуе пяць гадоў. Адносна невялікі стаж не перашкаджае Наталлі Аўдошка з месяца ў месяц па ўсіх паказчыках дэманстраваць добрыя вынікі. Старанная, добразычлівая, адказная, яна ўмее знайсці агульную мову з кожным сваім кліентам.

– Па спецыяльнасці я таваразнаўца, доўгі час працавала ва ўнівермагу і райспажыўтаварыстве, – расказвае ўраджэнка вёскі Жары. – На пошту ж прыйшла, каб паспрабаваць сябе ў новай сферы. Спачатку давала водпускі дзяўчатам з адзялення №1 г.п.Ушачы, а пасля і мотадастаўку асвоіла – з райцэнтра на Вялікія Дольцы ездзіла. Відаць, рабіла гэта нядрэнна, бо калі з’явілася вакансія паштальёна, яе прапанавалі мне.

Зараз на абслугоўванні Наталлі Уладзіміраўны – самы вялікі на Ушаччыне ўчастак: ажно 37 населеных пунктаў (у іх ліку – Наваселле, Судзілавічы, Вялікія Дольцы, Замошша, Касары, Казімірова) і амаль тысяча кліентаў, да якіх трэба завітаць. Ужо ў 7.30 паштальён бярэцца за справу: трэба ж перад адпраўкай усё неабходнае ў машыну загрузіць. Асабліва напружаныя дні – серада і субота, калі выходзіць “раёнка”, тады даводзіцца ажно пад 200 кіламетраў праехаць.

– У рэйтынгу перыядычных выданняў, якія выпісваюць мае вяскоўцы, у пераважнай большасці – людзі пенсійнаша ўзросту, на першым месцы – адназначна “Патрыёт”, – расказвае Н.Аўдошка. – Карыстаюцца папулярнасцю і многія рэспубліканскія газеты ды часопісы.

– Сярод нашых паштальёнаў Наталля Уладзіміраўна – бясспрэчны лідар па падпісцы, – ведаючы сціпласць жанчыны, удакладняе начальнік АПС №1 г.п.Ушачы Анастасія Памялкова. – На месяц звычайна па 3,5 тысячы экзэмпляраў атрымліваецца, што амаль удвая больш, чым у іншых. Словы ўдзячнасці ад яе кліентаў чуем даволі часта. Нядаўна, напрыклад, тэлефанавалі з Міхалкаўшчыны – дзякавалі за добрую работу і шчырыя адносіны.

Вяскоўцам яна прыносіць не толькі свежую прэсу, але і паштовыя адпраўленні, заказныя лісты, пенсію і іншыя грашовыя выплаты. А паколькі на ўзбраенні знаходзіцца апаратна-праграмны комплекс “Мабільны паштальён”, дапамагае, не выходзячы з дома, зняць наяўныя грошы ці пакласці іх на рахунак, разлічыцца за паштовыя, камунальныя і іншыя паслугі. Прыемным бонусам для многіх становіцца магчымасць набыць тавары, якія рэалізуе пошта.

Бывалі розныя фарс-мажорныя сітуацыі, але ж выпадкаў, каб у вызначаны дзень хтосьці не атрымаў любімую газету ці пенсію, у практыцы Наталлі Уладзіміраўны не было. Тое, чым займаецца, яна шчыра любіць, пры патрэбе паспяхова спраўляецца і з функцыямі спецыяліста на ўчастку мотадастаўкі.

Не так даўно работа гераіні нашага аповеду была высока ацэнена Ганаровай граматай Віцебскага філіяла РУП “Белпошта”. Але галоўная ўзнагарода для яе – задаволеныя паслугамі пошты землякі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *