Клюква — природный эликсир молодости и здоровья

Калейдоскоп

Калі вынайдуць эліксір маладосці, то асноўнымі яго складнікамі абавязкова будуць журавіны, грэцкія арэхі і чырвоны вінаград. Навукоўцы ўстанавілі, што гэтыя дарункі прыроды лідзіруюць па ўтрыманні антыаксідантаў, якія запавольваюць працэс старэння, амалоджваюць клеткі скуры, зніжаюць рызыку развіцця сур’ёзных хвароб. Журавіны да таго ж змяшчаюць вялікую колькасць вітамінаў і каштоўных кіслот.

Нашы продкі варылі з такіх ягад морсы, кісялі і варэнне, дадавалі іх у капусту пры квашанні, гатавалі соусы для мяса і птушкі. Плады і лісцікі па восені сушылі, а зімой рабілі смачны журавінавы чай. Ягады і морс ужывалі пры галаўным болі, высокай тэмпературы, цынзе. Плады, звараныя з мукой, елі пры прастудзе, а буйныя ягады закладвалі ў вушы ад угару ў лазні.

У нашы дні журавіны называюць прыродным антыбіётыкам: іх сок прадухіляе бактэрыяльныя інфекцыі. Яго, а таксама морс ужываюць пры ліхаманкавых станах у якасці жарапаніжальнага сродку. У сумесі з бурачным сокам ён знаходзіць прымяненне пры сасудзістых спазмах і гіпертаніі. Свежыя і перапрацаваныя ягады валодаюць моцным супрацьмікробным дзеяннем, паскараюць гаенне ран, паляпшаюць работу кішэчніка і страўніка.
Журавіны адносяцца да прадуктаў, якія па магчымасці варта ўжываць штодня. Аднак тым, хто мае гастрыт з павышанай кіслотнасцю, язвавую хваробу страўніка і 12-перстнай кішкі, паталогіі печані, яны супрацьпаказаны. Купляць ці збіраць такія ягады лепш у недаспелым выглядзе і вытрымліваць у скрынцы ў халодным месцы. Дзякуючы ўтрыманню бензойнай кіслаты, якая лічацца прыродным кансервантам, яны могуць захоўвацца некалькі месяцаў.

Ала НІКІЦЕНКА, інструктар-валеолаг Ушацкага РЦГЭ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *