Першым сакратаром Ушацкага раённага камітэта БРСМ назначана Вераніка Глінская. Прапануем невялікае інтэрв’ю з новым маладзёжным лідарам.
– Вераніка, ведаю, што па спецыяльнасці ты правазнаўца.
– Так, пасля заканчэння Ушацкай школы атрымала яе спачатку ў аграрна-эканамічным каледжы, а пазней у міжнародным універсітэце МІПСА. Працавала юрысконсультам і сакратаром у цэнтральнай райбальніцы. У вольны ж час удзельнічала ў розных акцыях, мерапрыемствах маладзёжнай суполкі, членам якой стала дзесяць гадоў таму.
– Напэўна, з дзяцінства была актывісткай?
– Канечне. У школьныя гады займалася танцамі, саломапляценнем, наведвала школу мастацтваў. Пасля ж двух дэкрэтных адпачынкаў (выхоўваю сына і дачушку) адкрыла ў сабе артыстычныя здольнасці: выступала з калегамі на раённай сцэне падчас святкавання Дня медыка, чытала вершы, удзельнічала ў запісе відэапрэзентацый. Мне падабаецца рабіць штосьці карыснае, арганізоўваць цікавыя сустрэчы.
– З чаго пачаліся твае першыя рабочыя будні на новай пасадзе?
– З удзелу ў велапаходзе. Хоць і не сядзела на такім транспарце гадоў 15, ад прапановы праехаць па раёне адмовіцца не магла: трэба ж з землякамі сувязі наладжваць. Наведала таксама некалькі школ, пазнаёмілася са спецыялістамі райвыканкама і многіх арганізацый. Дарэчы, гэта дае плён: ужо ёсць дамоўленасці на ўступленне некалькіх вучняў у рады БРСМ, на правядзенне сумесна з ТЦСАН мерапрыемстваў да Дня пажылых людзей, арганізацыю сустрэчы ў рамках праекта “Тата-зала”.
– Якія планы ставіш на бліжэйшы час?
– Іх шмат. Будзем працаваць над прыцягненнем моладзі да валанцёрскага руху: у нашым раёне шмат пажылых грамадзян, якім дапамога (напрыклад, у расчыстцы снегу, складванні дроў) вельмі дарэчы. Працягнем папулярызаваць здаровы лад жыцця, зробім акцэнт на экскурсійную дзейнасць: цікавых мясцін на Ушаччыне шмат (нядаўна я наведала стары млын у Замошшы, дэндрапарк, экасцяжыну лясгаса – засталася ў захапленні). Пабываем з маладзёжным актывам і ў знакавых месцах Беларусі. Не застанецца без увагі райкама пытанне працаўладкавання школьнікаў, студэнтаў у канікулярны час: для павелічэння колькасці студатрадаў будзем актыўна шукаць прадпрыемствы і арганізацыі, гатовыя іх прыняць. Для ўсяго гэтага гатова прыкласці максімум намаганняў!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.