З 11 чэрвеня 2025 года ўступілі ў сілу змяненні ў Закон аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомасці, правоў на яе і здзелак з ёй. Чалавеку, які звярнуўся да натарыуса за пасведчаннем аб праве ўласнасці на дом ці кватэру, цяпер не давядзецца ісці ў БТІ.
Калі дакументы для дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомасці засведчыў ці выдаў натарыус, то ён у гэты ж дзень накіруе ў арганізацыю па дзяржаўнай рэгістрацыі электронныя копіі такіх дакументаў. Ужо на працягу адной гадзіны ад рэгістратара прыдзе паведамленне аб аплаце – чалавеку будзе прапанавана некалькі варыянтаў вырабу дакумента: просты – 5 дзён, паскораны – 2, тэрміновы – 1. Пасля ўнясення адпаведнай сумы натарыус атрымае пасведчанне аб рэгістрацыі ў лічбавым выглядзе, калі ж дзеянне ажыццяўлялася аддалена – на паперы.
Хачу ўдакладніць, што накіраваць дакументы на дзяржаўную рэгістрацыю натарус не зможа, напрыклад, у выпадку, адсутнасці рэгістрацыі зямельнага ўчастка і жылога дома, а таксама калі прапушчаны 18-месячны тэрмін з дня смерці спадчынадаўцы, устаноўлены заканадаўствам для дзяржаўнай рэгістрацыі правоў на зямельны ўчастак.
Жанна КАВАЛЕНКА, натарыус натарыяльнай канторы Ушацкага раёна.