
У панядзелак у адасобленай групе ваеннага камісарыята было мнагалюдна: на пасяджэнне раённай прызыўной камісіі, дзе прымаліся рашэнні аб прыгоднасці прызыўнікоў да тэрміновай ваеннай службы, службы ў рэзерве, прыйшло 49 чалавек.
У залу хлопцы ўваходзілі па адным, прычым многія прыкметна хваляваліся, што і нядзіўна для такой важнай падзеі. Некаторыя ж – як, напрыклад, Мікіта Аксяновіч, рапартавалі аб сваім прыбыцці бойка і дакладна – хоць зараз у строй! Члены камісіі, у якую ўваходзяць прадстаўнікі ваеннага камісарыята, раённай улады, ЦРБ, райаддзела міліцыі, заўсёды ўважліва вывучаюць усе нюансы асабістых спраў, бо разумеюць, што на іх ускладзена вялікая адказнасць: накіраваць у армію дастойных грамадзян.
Сярод маладых людзей прызыўнога ўзросту як правіла аказваюцца і тыя, хто па стане здароўя не можа несці службу. Галоўны ўрач Ушацкай ЦРБ Ю.В.Пацёмкін агучыў вынікі медагляду: традыцыйна ў ліку асноўных супрацьпаказанняў – праблемы са зрокам, дыягназы хірургічнага, тэрапеўтычнага профілю. Па медыцынскіх паказчыках 8 юнакоў залічылі ў запас, два чалавекі атрымалі адтэрміноўку. Яшчэ 16 скарыстаюцца ёй для працягу адукацыі. А Кірыл Васілевіч мог не ісці на службу ў гэтым прызыве па сямейным становішчы, але сам захацеў адправіцца ў армію разам з аднагодкамі.
Усяго ж у гэты раз на тэрміновую ваенную службу прызвана 23 чалавекі. Адметна, што кожнаму з іх старшыня камісіі – намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Пятровіч Цімафееў задаў пытанне наконт жадання служыць – і пераважная большасць хлопцаў адказалі, што ідуць у армію не толькі з-за таго, што гэта грамадзянскі абавязак, а і па ўласным намеры.
Наталля БАГДАНОВІЧ.