
Калі ехалі нядаўна ў Вялікадолецкую школу, нават не сумняваліся, што сустрэнем каго-небудзь у садзе. Сёлетні год сапраўды выдаўся яблычным: кожнае дрэўца ўсыпана буйнымі сакавітымі пладамі. Перажываюць настаўнікі і вучні толькі за адно: як захаваць багаты ўраджай.
– Мы ўжо больш цэнтнера летніх і ранніх восеньскіх гатункаў з’елі. Яшчэ паўтоны пазнейшых ды зімніх, якіх у нас – пераважная большасць, на захоўванне паклалі. Як мінімум столькі яшчэ збяром, – заахвочана расказвае настаўнік хіміі і біялогіі А.М.Жук, праводзячы для нас невялікую экскурсію па ўгоддзях. – Так што смачных вітамінаў на ўсю зіму дакладна хопіць.
Ці чакалі ў Вялікіх Дольцах сёлета такога ўраджаю? Наўрад ці: спачатку зімнія маразы сябе праявілі – знішчылі костачкавыя і раннія грушы, потым улетку ўсё дажджамі заліло… Але ж яблынькі ўсе выпрабаванні прайшлі і нават рэкордна адпладанасілі. Праўда, юным зборшчыкам давялося скарэкціраваць свае прывычныя дзеянні: з улікам сырасці і распаўсюджання грыбка яблыкі перад закладкай на захоўванне абавязкова адпраўляюць на “адстойку” ў цёмнае халаднаватае месца – каб праз 7-10 дзён правесці адбракоўку. Скрыні вельмі хутка напаўняюцца садавіной. Для вучняў 6-8 класаў гэта любімы працэс на занятках грамадска-карыснай працы. Цяжкасцяў не ўзнікае: дрэўцы – невысокія, таму лесвіцы ці спецыяльныя здымацелі не патрэбны.
– Збіраць яблыкі трэба ў сухое надвор’е, прычым, пажадана, каб такое было працяглы час – інакш плады назапасяць лішняй вільгаці, – дае карысныя рэкамендацыі вучням, а зараз і нашым чытачам Алена Мечыславаўна. – Пашкоджаныя адразу адкладвайце – захоўвацца яны не будуць. Як і тыя, з якіх вы сцерлі натуральны яблычны воск. Не забудзьцеся пра сарціроўку: у ёмістасці павінна быць садавіна аднаго гатунка і прыкладна аднаго памеру. Паставіць жа іх варта ў халаднаватае месца (ідэальна – 4 градусы), якое праветрываецца.
У школе для гэтых мэт ёсць спецыяльны халадзільнік, набыты за грант, атрыманы ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Школьны сад”. У гэтым вялікі плюс, бо асноўнае пры захоўванні – утрыманне пэўнай тэмпературы. Ды і скрынь сюды ўмяшчаецца нямала. Свежыя плады на сталах у вучняў – кожны дзень, з іх таксама гатуюць кампоты, дабаўляюць ў салаты – карацей кажучы, максімальна вітамінізуюць дзіцячы рацыён. Дарэчы, перад гэтым прадукцыя праходзіць абавязковы санітарны кантроль.
У ліку сваіх любімых гатункаў вялікадолецкія школьнікі называюць “Хані крысп” і “Чэмпіён”. Назва першага (з англійскай мовы – мядовы хруст) падказвае пра асаблівы смак пладоў. Годны ён і ў другога, прывабнага знешне – яблычкі сярэдняга памеру маюць ярка-чырвоны колер.
Ахвотна набывае такую прадукцыю мясцовае насельніцтва – кошт зараз складае 50 капеек за кілаграм. Неліквідныя ж ці пашкоджаныя плады ідуць на здачу нарыхтоўшчыкам – так школа атрымлівае дадатковы прыбытак.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.