Ищете помещения для бизнеса? В Ушачском районе есть варианты за одну базовую или вовсе бесплатно

Общество

Пабудовы, якія больш не выкарыстоўваюцца гаспадарамі, псуюць выгляд населеных пунктаў, а часам і ўяўляюць небяспеку для людзей. На жаль, іх колькасць пастаянна павялічваецца, у тым ліку з-за таго, што вясковае насельніцтва з’язджае ў горад. Пры гэтым многія аб’екты, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, можна і трэба зноў вярнуць у справу.

Работа ў гэтым напрамку вядзецца вялікая і сістэмная. У краіне створана адзіная база даных, дзе фіксуецца ўся адпаведная дзяржмаёмасць, інфармацыя пра яе продаж змяшчаецца на розных сайтах, прымаюцца спрыяльныя для інвестараў заканадаўчыя новаўвядзенні, ідзе шырокая рэкламная кампанія.
“Відавочна, што ў Год добраўпарадкавання задача прыцягнуць такую маёмасць у гаспадарчы абарот з’яўляецца асабліва актуальнай. Да таго ж яе вырашэнне напрамую звязана з папаўненнем раённага бюджэту, прыцягненнем інвестыцый, стварэннем новых прадпрыемстваў і працоўных месцаў”, – падкрэслівае намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Валянціна Леанідаўна Хамёнак.

Дынаміка Прыдзвіння

Даволі востра азначаная праблема стаіць на Віцебшчыне, дзе не выкарыстоўваецца амаль 10 працэнтаў плошчаў аб’ектаў нерухомасці, што знаходзяцца ва ўласнасці яе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Аднак у апошнія тры гады наш рэгіён дэманструе станоўчую дынаміку. Летась у адпаведнасці з каляндарным графікам уцягнута ў гаспадарчы абарот і знесена 670 аб’ектаў камунальнай уласнасці, больш 120 прададзена, 73 з іх – за адну базавую велічыню. Пры гэтым бюджэт папоўніўся на 38 мільёнаў рублёў.
Пры гэтым выкананне ўмоў продажу пільна кантралюецца, бо бывае і так, што новыя ўладальнікі іх ігнаруюць: толькі ў мінулым годзе па гэтай прычыне было скасавана 26 дагавораў. Фіксаваліся такія выпадкі і ва Ушацкім раёне.

Сёлета ў Прыдзвінні стаіць задача далучыць да справы ці знесці 1015 невыкарыстоўваемых аб’ектаў нерухомасці.

Некалькі год таму вядомы цыркавы артыст Мікалай Чалнакоў з жонкай Аленай купілі ў Зябках стары млын, адрамантавалі яго і “ўдыхнулі” ў будынак новае жыццё. Зараз арт-аб’ект “Аранжавы млын” уваходзіць у многія турыстычныя маршруты, а гаспадары ладзяць тут касцюміраваныя прадстаўленні.

Былыя класы стануць цэхамі

Як паведамілі нам у аддзеле эканомікі Ушацкага райвыканкама, за 2021-2025 гады на тэрыторыі нашага раёна ў гаспадарчы абарот далучана 15 аб’ектаў, 12 якіх былі прададзены за 1 базавую велічыню з пэўнымі ўмовамі. У раённы бюджэт паступіла 28,5 тысячы рублёў.

З апошніх станоўчых прыкладаў – продаж былой Мосарскай школы, пакупніком якой стала ТАА “Водная даліна”. Тут плануецца арганізаваць вытворчасць па прыгатаванні вараных ракаў са стварэннем каля 10 працоўных месцаў, прычым 95 працэнтаў прадукцыі мяркуюць адгружаць на экспарт. Новыя гаспадары правялі грунтоўны рамонт у памяшканні: абнавілі падлогу, сцены і вокны, устанавілі кацёл, набылі прылады для здабычы ракаў, зманціравалі басейны для іх захоўвання. Зараз вядзецца работа па атрыманні дазволаў на вылаў.

Каб зацікавіць прадпрымальнікаў, актыўна задзейнічаны і механізм бязвыплатнай перадачы дзяржмаёмасці пад рэалізацыю канкрэтных інвестпраектаў. Мы ўжо расказвалі пра ТАА “Сарочына-Агра”, якое з канца 2021 года распачало ў нашым раёне справу ў галіне жывёлагадоўлі. Пад свінакомплекс таварыству было перададзена 18 аб’ектаў, і з пачатку рэалізацыі праекта ў яго інвесціравана 720 тысяч рублёў уласных сродкаў, створана 21 новае працоўнае месца, зараз на вырошчванні знаходзіцца больш 7 тысяч галоў свіней. Адметна, што пасля яго завяршэння “Сарочына-Агра” плануе ў 2026-2030 гадах рэалізоўваць наступны праект: стварыць аграхолдынг, які будзе ўключаць усе этапы вытворчасці – ад вырошчвання жывёлы і да вырабу гатовай прадукцыі пад уласным брэндам.

Спіс невыкарыстоўваемых аб’ектаў рэгіёну, якія можна набыць, а таксама зручная інтэрактыўная карта з іх каардынатамі змешчаны на сайце Камітэта дзяржаўнай маёмасці Віцебскага аблвыканкама. Зараз тут прапануецца купіць за 1 базавую велічыню 281 будынак (у іх ліку – былыя школы, крамы, ФАПы, паштовыя аддзяленні, кацельні, лазні); 147 прадаюць праз аўкцыёны; значацца ў пераліку і 22 аб’екты культурнай спадчыны (панскія сядзібы, старажытныя млыны і іншае).

Прыгадаем і яшчэ адзін яркі прыклад у рабоце з невыкарыстоўваемай маёмасцю: ужо рэалізаваныя буйныя інвестыцыйныя праекты – два свінакомплексы ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”.
Як вядома, жывёлагадоўчая галіна – адзін з ключавых накірункаў стратэгіі развіцця Ушаччыны, а ў пераліку старых аб’ектаў раёна, дзе можна наладзіць сельгасвытворчасць ці выпуск прамысловых вырабаў, нямала цікавых прапаноў.

Вялікія перспектывы мы звязваем з турызмам, а таму важна зацікавіць інвестараў будынкамі, якія магчыма пераўтварыць у базы адпачынку, аграэкасядзібы, кропкі грамадскага харчавання. Так, зараз за адну базавую прапануецца набыць Плінскую, Вяркудскую школы, Дубраўскую бальніцу, дзе можна абсталяваць прывабныя для гасцей раёна аб’екты. Дарэчы, за станоўчым прыкладам далёка хадзіць не трэба – “Мікалаеўскі пасад”, які больш 15 год паспяхова дзейнічае на агратурыстычнай ніве, узнік на базе былых школьных будынкаў.

Сваю лепту ў рэкламаванне прыдатных для рэканструкцыі старых памяшканняў вырашылі ўнесці і мы – будзем расказваць пра іх у спецыяльным праекце з назвай, якая вынесена ў загаловак гэтага артыкула. Плануем таксама здымаць адпаведныя ролікі і размяшчаць іх у сацсетках. Першы, прысвечаны былому будынку Плінскай школы, многія, напэўна, ужо бачылі. Сачыце за нашымі публікацыямі!

Наталля БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *