Ва Ушачах з аншлагам прайшлі два канцэрты знакамітага беларускага гурта «Дразды». Хоць у наш райцэнтр артысты прыязджалі ў мінулым годзе, ушачане вельмі хутка раскупілі білеты: аўдыторыя прыхільнікаў гурта шырокая – ад школьнікаў да пенсіянераў.
«Драздам» не прыйшлося доўга «разаграваць» залу – з першых акордаў усе з настроем падпявалі, апладзіравалі і нават танцавалі, ацаніўшы не толькі вакал, а і інструментальнае выкананне на саксафоне, баяне, гітарах, ударных. Дарэчы, выступленне ва Ушачах стала 924-м у гастрольным туры гурта па Беларусі. Артысты з задавальненнем выступаюць як у гарадах, так і ў невялікіх райцэнтрах, аграгарадках і выкладваюцца па поўнай. Прывядзём гаваркі факт: як нам стала вядома, саліст «Драздоў» Віталь Карпанаў быў прастуджаны і дрэнна сябе адчуваў, аднак нават не задумваўся аб пераносе выступлення ва Ушачах і адпрацаваў два канцэрты так, што амаль ніхто гэтага не заўважыў.
На галоўнай ушацкай сцэне гучалі як вядомыя хіты, так і навінкі. Нядаўна гурт запісаў сумесную з Анатолем Ярмоленкам песню «Радзіма», яна яшчэ не выйшла на лічбавых пляцоўках, але ў нашым райцэнтры прэм’ера ўжо адбылася. Шчымлівыя радкі «Хай будзе мірным неба, малюся зноў і зноў, дзе смачна пахне хлебам зямля маіх бацькоў» кранулі гледачоў – доўга не змаўкалі апладысменты. Ну і канечне, ва Ушачах прагучаў усім вядомы хіт, які зала спявала разам з «Драздамі» стоячы. Песняй «Хата бацькоў» гурт завяршае кожны свой канцэрт.
Вольга КАМАРКОВА

