В Ушачском РОВД в День отца поздравили многодетных пап

Общество

У зале райаддзела міліцыі вясёлыя і кранальныя мерапрыемствы адбываюцца рэдка. Але дзякуючы ініцыятыве Міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Івана Кубракова нам давялося пабываць на падобнай імпрэзе. У Дзень таты ва ўсіх падраздзяленнях ведамства наладзілі ўрачыстасці, героямі якіх сталі супрацоўнікі, што выхоўваюць трох і больш дзетак.

У нашым райаддзеле такіх “багатых татаў” чацвёра – і ўсе яны ўпершыню прыйшлі на працоўнае месца са сваімі сынамі і дачушкамі. Канечне, поўны “асабовы дзіцячы склад” сабраць не ўдалося – па ўважлівых прычынах. Так, зусім нядаўна з’явіўся на свет малодшы сынок Аляксандра Дубровіна – сам на свяце не прысутнічаў, затое даў тату падставу сюды трапіць. Старэйшы сын Дзмітрыя Шарыпенкі набывае ў каледжы прафесію зваршчыка, а яшчэ і на вадзіцеля паспеў адвучыцца – атрымае правы, калі дасягне паўналецця. А вось малодшы Лёша прызнаўся нам, што плануе стаць… поварам і ўжо зараз умее гатаваць яблычны пірог. Самай жа юнай на ўрачыстасці была чатырохгадовая Эліна Бугрова, якая не ўпусціла магчымасці пасядзець на ручках у таты Ігара. А Кацюша Клотчанка, што радасна прыціскалася да свайго бацькі Івана, прыехала аж з Глыбачкі, дзе жыве іх сям’я.

Не так шмат часу могуць прысвяціць сваім сынам і дачушкам работнікі міліцыі, але ўсе яны прызналіся, што зносіны з дзецьмі – самы лепшы маральны адпачынак пасля няпростых міліцэйскіх будняў. І асобныя словы падзякі адрасавалі сваім жонкам, на якіх прыпадае асаблівая нагрузка.

Ну а саміх віноўнікаў урачыстасці з Днём таты павіншаваў начальнік райаддзела Віталь Карэнскі. Вядома ж, не абышлося без падарункаў: два вялікія пакеты з рознымі прысмакамі і далікатэсамі лішнімі ў вялікіх сем’ях дакладна не будуць.

Наталля БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *