Больш за 18 мільёнаў дрэў высаджана ў Беларусі падчас акцыі “Дай лесу новае жыццё!”. Створана каля 1,6 тысячы гектараў новага лесу, яшчэ на пяці тысячах дапоўнены лясныя культуры.
Папрацавалі на пасадках гэтай восенню і работнікі Ушацкага лясгаса (на здымку). А на іх заклік далучыцца да акцыі адгукнуліся калектывы раёна газазабеспячэння, ДРБУ-105, участка электрасувязі, Белдзяржстраха, цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, пракуратуры, аддзялення па ахове аб’ектаў, райаддзелаў па надзвычайных сітуацыях, следчага камітэта, пракуратуры, а таксама актывісты раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь”. У лясных кварталах высаджаны ў асноўным елкі, сосны і бярозы.
– Выказваем удзячнасць усім, хто далучыўся, унёс свой пасільны ўклад у аднаўленне ляснога багацця краіны, – падкрэслівае дырэктар лясгаса Аляксей Апёнак.
Адзначым уклад у азеляненне і самых юных жыхароў раёна: удзельнікі дашкольнага лясніцтва “Баравічок” разам з лесаводамі і членамі школьнага лясніцтва высадзілі ў парку аграгарадка Глыбачка новыя дрэўцы (на здымку).
Вольга КАМАРКОВА


