Какая она, «деревня будущего»? Побывали в Домжерицах и рассказываем вам

Общество

Зрабіць беларускую глыбінку прыцягальнай для людзей – такую задачу паставіў Прэзідэнт падчас наведвання Бярэзінскага біясфернага запаведніка, цэнтрам якога з’яўляецца вёска Домжарыцы. Там знайшлі адказ, як прыцягнуць перспектыўных спецыялістаў у сельскую мясцовасць – няма праблем з працаўладкаваннем, а мясцовыя жыхары маюць гарадскія магчымасці. А ў якасці бонуса дадаюцца захапляльныя прыродныя пейзажы. Упэўніцца ў гэтым давялося на свае вочы падчас прэс-тура, арганізаванага для галоўных рэдактараў СМІ Віцебшчыны.

У запаведніку зафіксавана нулявая кропка забруджвання па ўсіх вядомых рэчывах. Тут жа размяшчаецца і станцыя фонавага маніторынгу, якая фіксуе кліматычныя паказчыкі. Домжарыцы знаходзяцца ў акружэнні дзікай прыроды. А пасля нядаўніх пераўтварэнняў населены пункт прыцягвае не толькі прыродай. Тут ёсць усё для камфорту людзей – работа, інфраструктура, умовы для дзяцей. У мясцовай базавай школе, якая калісьці была экалагічным ліцэем, зараз вучыцца ўсяго 37 дзетак. Адзначым, што для сельскай школы ўмовы – шыкоўныя: прасторныя класы, прыгожая актавая зала, сталовая з незвычайнай аранжарэяй і панарамнымі вокнамі, сучасны стадыён з трэнажорамі. Пад адным дахам з установай размяшчаюцца школа мастацтваў і сельскі клуб. Закончыліся ўрокі – дзіця адразу адправілася на заняткі ці ў гурткі.

Ёсць у Домжарыцах і патрэбны сацыяльны набор у выглядзе бібліятэкі, ФАПа, пошты, магазіна. Тут нават гасцініца з рэстаранам, дзе можна адзначыць урачыстасць ці проста схадзіць на абед.

Удзяляюць увагу і аднаму з самых важных аспектаў – жыллю, каб вёска была не толькі цэнтрам прыцягнення турыстаў, але і перспектыўным месцам для жыцця. Нядаўна зроблены рамонт шматкватэрных дамоў, пабудаваны 24-кватэрны дом для супрацоўнікаў запаведніка. Нельга не сказаць некалькі слоў пра добраўпарадкаванне. Шмат сродкаў укладзена ў асфальтаванне вуліц, малыя архітэктурныя формы, муралы, прыгожыя скверы, дзе нават можна паглядзець кіно пад адкрытым небам!

У час прэс-тура зазірнулі мы і ў дрэваапрацоўчы цэх біясфернага запаведніка – тая самая вытворчасць, якую тыражыраваць па краіне і ў першую чаргу на Віцебшчыне даручыў Прэзідэнт. Тут функцыянуе пяць цэхаў, дзе з канвеера сыходзяць не толькі дошкі, а і садовая мэбля, паддоны і іншае. Пастаўкі ажыццяўляюцца не толькі на беларускі рынак, а і ў Кітай, Азербайджан, Узбекістан, Туркменістан, Іран, Турцыю.

Канечне, прадстаўнікі СМІ не абмінулі аб’екты, куды штодня прыязджаюць турысты – Дом экалагічнай асветы і музей прыроды. У першым надзвычай цікава расказваюць пра гісторыю запаведніка, падмацоўваючы экскурс артэфактамі і экспанатамі. Днямі Дом папоўніўся зусім незвычайным – драўлянай лаўкай з мясцовага цэха, на якой сядзеў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з вяскоўцамі і супрацоўнікамі музея падчас візіту ў Домжарыцы 31 кастрычніка.

Калі вы раздумваеце, куды адправіцца на экскурсію, не абмініце мясцовы музей прыроды. Тут самая вялікая таксідэрмічная калекцыя ў краіне. Ля вялізных чучалаў мядзведзяў, зуброў, лосяў, а таксама птушак і рыб кожны турыст робіць здымкі. Ёсць у Домжарыцах і лясны заапарк, дзе ўжывую можна ўбачыць розных звяроў.

Домжарыцы развіваюць па канцэпцыі “Вёска будучыні”. Задача ад Кіраўніка дзяржавы – гэта вёска павінна стаць прыкладам для аграгарадкоў па ўсёй краіне. Сёння тут пражывае 372 чалавекі, але з такімі ўмовамі населены пункт будзе толькі прырастаць новымі жыхарамі.

Вольга КАМАРКОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *