В Ушачской ЦРБ возобновлена работа врача-оториноларинголога

Здравоохранение

С.Касаржэўская і К.Шабан вядуць прыём.

Каб трапіць на прыём да ўрача-атарыналарынголага, больш не трэба чакаць разавых візітаў ва Ушацкую цэнтральную райбальніцу медыкаў з Віцебска. З гэтага панядзелка ва ўстанове з’явіўся свой спецыяліст адпаведнага профілю.

Палачанка Крысціна Шабан – у медыцыне не навічок: пасля заканчэння Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта на працягу пяці гадоў працавала атарыналарынголагам, сурдолагам (урачом, які займаецца дыягностыкай і лячэннем парушэнняў слыху) у Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы, Віцебскім абласным клінічным дыягнастычным цэнтры.

– Для мяне зараз усё склалася найлепшым чынам, – прызнаецца Крысціна Аляксандраўна. – Ва Ушачах, якія мне вельмі падабаюцца, знайшлася падыходзячая вакансія – паспяваю днём тут, а ўвечары яшчэ і ў Полацку працаваць. Ад жылля, якое мне прапанавалі ў райцэнтры, адмовілася – па новай дарозе ад дома ўсяго за 30 хвілін даязджаю. Умовы працы – проста выдатныя: ёсць усё неабходнае для дыягностыкі захворванняў, лячэння пацыентаў. Асвоіцца на новым месцы дапамагае вопытная медсястра Святлана Валер’еўна Касаржэўская, якая ў кабінеце атарыналарынголага занята больш 20 гадоў.

– Заўсёды прыемна, калі ў наш калектыў прыходзяць новыя спецыялісты, тым больш такія кваліфікаваныя і актыўныя, – знаёмячы нас з К.Шабан, кажа галоўны ўрач райбальніцы Юрый Валянцінавіч Пацёмкін. – З улікам жа таго, што вакантныя месцы яшчэ ёсць, работу па пошуку кадраў працягнем. Дарэчы, ужо ёсць дамоўленасці з навучальнымі медустановамі краіны па накіраванні іх выпускнікоў ва Ушачы.

Прыём пацыентаў атарыналарынголаг ажыццяўляе ў рабочыя дні з 8.00 да 16.00.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *