Выратавальнікі б’юць трывогу: сёлета на Ушаччыне назіраецца значны рост колькасці пажараў і загінуўшых на іх людзей. Усяго зарэгістравана 20 пажараў, на якіх абарваліся жыцці чатырох чалавек!
Каб паўплываць на сітуацыю, праводзяцца розныя мерапрыемствы, у канцы кастрычніка – пачатку лістапада МНС разам з іншымі службамі праводзілі акцыю “За бяспеку разам”, а на гэтым тыдні арганізавана спецыяльнае прафілактычнае “Дом без пажару”.
Наведваючы грамадзян, работнікі МНС тлумачаць, як правільна эксплуатаваць печы, электраабагравальнікі, як дзейнічаць у выпадку ўзнікнення ўзгарання, звяртаюць увагу на неабходнасць устаноўкі аўтаномных апавяшчальнікаў. Маршрут выратавальнікаў праходзіць у першую чаргу па тых адрасах, дзе рызыка ўзнікнення пажару найбольш высокая: дамы пенсіянераў, інвалідаў, шматдзетных сем’яў і грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Менавіта гэтыя людзі з-за ўзросту, стану здароўя або іншых абставін часта зусім не клапоцяцца пра бяспеку.
Праводзячы работу з насельніцтвам, работнікі МНС выкарыстоўваюць усе даступныя формы і метады: адрасныя абследаванні, сельскія сходы, паездкі па маршруце аўтамагазінаў (на здымку).
“Ад грамадзян даводзіцца чуць, што бясконца наведваем домаўладанні і нагадваем адно і тое ж. Лічу, што прафілактыка не можа быць празмернай і трэба выкарыстоўваць любую магчымасць папярэдзіць бяду, тым большшто для нашага невялікага раёна колькасць пажараў і загінуўшых непрыемна рэкордная”, – зазначае начальнік Ушацкага РАНС Дзмітрый Дахін.
Пры выяўленні ў час абследаванняў парушэнняў супрацоўнікі МНС даюць рэкамендацыі аб іх выпраўленні. Сярод распаўсюджаных – карыстанне няспраўнымі печамі, адсутнасць батарэек у пажарных апавяшчальніках, старая электраправодка.
З пачатку 2025-га ў краіне на пажарах загінула 440 чалавек, за аналагічны мінулагодні перыяд – 430.
Вольга КАМАРКОВА

