В Ушачском районе возобновился сбор молока у населения

Общество

Восьмага кастрычніка стаў калі не святочным, то дакладна радасным днём для 25 ушачан – у раёне аднавіўся збор малака. І здзейснілася гэта як дзякуючы намаганням спецыялістаў райсельгасхарча, так і згодзе Полацкага малочнага камбіната выдзеліць для гэтых мэт транспарт, а таксама Але Мікалаеўне Коўшаль, якая пагадзілася стаць лабарантам і раз у тры дні аб’язджаць усіх адрасатаў, спраўляцца з абавязкамі, што раней выконвалі два малаказборшчыкі.

Вельмі радавалася папярэдняму званку аб аднаўленні збору Таццяна Бычковіч з Судзілавіч: “Учора пошта прывезла другі разлік за дзесяць дзён – 305 рублёў. Хоць кошт за кілаграм застаўся ранейшы, а атрымала нават больш, бо тлустасць павысілася. Для мяне гэта важна, паколькі яшчэ не на пенсіі і малако – важная крыніца паступлення даходаў”. Жанчына трымае дзве каровы і цялушку. У вёсцы нават улетку мала дачнікаў, а цяпер прадаць малако наогул няма каму, так што тварагу ў запас намаразіла да Вялікадня. Дарэчы, як і ўсе астатнія здатчыкі, у тым ліку і сама Ала Мікалаеўна. Спатрэбіліся ўсе плошчы халадзільніка, набытага былым аператарам свінакомплексу за прэмію “Чалавек года Віцебшчыны”, якую яна атрымала адной з першых у раёне.

Як рашылася жанчына на спецыфічную, з мноствам нюансаў работу?

“Ды дзеля сябе ў першую чаргу, я ж па-ранейшаму трамаю дзве каровы, – прызнаецца А.Коўшаль. – За тыдзень выдатна прачула, што гэта такое – у сезон заставацца са штодзённымі лішкамі ў 50 літраў. Ды і да пенсіі яшчэ больш года, а справу я ведала, паколькі пасля закрыцця комплексу перайшла лабарантам у саўгас. Так што для мяне гэта двайная выгада: і ад малака, і заробак за збор – 7 капеек за літр”.

З восьмага кастрычніка ўшацкія прыватнікі здалі на “Сафійку” 13 тон 501 літр малака, а ў залік з-за тлустасці 3,7-4 пайшло 14211 кілаграмаў.

Малакавоз на базе старэнькага ГАЗ-53 прыходзіць у Сарочына ў 6 раніцы. Але ахвяраваць сном Ала Мікалаеўна прывыкла даўно. Два гады таму, як муж перайшоў працаваць на “Палімір-Агра”, каб сабраць яго, падымаецца ў чацвёртай гадзіне ночы, да шасці паспявае і гаспадарку справіць. Перад першым днём збору ёй патэлефанавалі ўсе зацікаўленыя трымальнікі кароў, і такім чынам была складзена карта аб’езду. Хоць і нямнога здатчыкаў, а маршрут па-ранейшаму застаецца вельмі вялікім – больш 300 кіламетраў, бо ў ім усе супрацьлеглыя бакі раёна: Дубраўка і кубліцкае Забалацце, Матырына і Мосар. Апошняя кропка, дарэчы, самая выгадная, забіраюць пад 200 літраў, паколькі з чатырох малаказдатчыкаў трое трымаюць па дзве, а то і тры буронкі. У астатніх населеных пунктах адрасы прыпынку пераважна адзінкавыя, як і ў самым вялікім аграгарадку Арэхаўна. І ў кожнай вёсцы справіцца з цяжкімі вёдрамі А.Коўшаль дапамагае вадзіцель Андрэй Быкаў.

Сказаць па шчырасці, ахвотнікаў на такую работу сярод супрацоўнікаў Полацкага малочнага камбіната не было – куды прасцей прывезці малако з гаспадарак, дзе яно з халадзільнікаў запампоўваецца праз шланг. Ды і дарогі да ферм зусім не такія, як да аддаленай Анікеўшчыны. Аднак мужчына з ушацкім прозвішчам разумее, што і гэту работу выконваць трэба. Як і кіраўніцтва камбіната, якое пагадзілася на нявыгадную для сябе функцыю, каб захаваць гарантаваную дзяржавай падтрымку ўладальнікам асабістай падсобнай гаспадаркі.

Валерый Жукаў, вёска Старое Сяло Жарскага сельсавета:
“Хоць і маю пастаянную работу, аднак трымаю падсобную гаспадарку: трох кароў і двух падцёлкаў. Вёдрамі выліваць малако парсюкам – вялікая раскоша. Таму, зразумела, вельмі рады, што збор аднавілі”.

Здатчыкі Алу Мікалаеўну не чакаюць, проста пакідаюць раніцай на ўмоўным месцы вёдры. Час зараз халодны, таму ўдаецца захаваць непракіслым малако за некалькі дзён. Тым не менш першае, што робіць прыёмшчыца, гэта здымае накрыўкі і аглядае тавар візуальна: з сіневатым адценнем ці бруднае забракуе нават на вока. Аднак такога не было – пробы, якія ў гэты ж дзень робяцца на заводзе, пацвярджаюць і большую за базавую (3,6) тлустасць, і адпаведную якасць. І людзям не трэба больш наўмысна кісліць малако – ператвараць у тварог ці сыры, каб не згубіць, а зарабіць.

Вольга Караленка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *