В областном форуме для молодых специалистов АПК приняли участие представители Ушаччины

Сельское хозяйство

С.Ляўковіч з маладымі работнікамі райветстанцыі і ААТ “Ільюшынскі” Аляксандрай Бодрыкавай і Мікітам Завадскім.

Абласны форум для маладых спецыялістаў аграпрамысловага комплексу сабраў на гэтым тыдні ў Пастаўскім раёне амаль паўтары сотні работнікаў сферы з розных рэгіёнаў Віцебшчыны.

У цікавым мерапрыемстве прынялі ўдзел і прадстаўнікі ўшацкіх гаспадарак, а таксама райветстанцыі. Маладыя аграрыі наведалі вядучыя сельгаспрадпрыемствы, убачылі, як працуе Пастаўскі малочны завод, пазнаёміліся з перадавымі тэхналогіямі на рабатызаванай ферме ААТ “Хацілы-Агра”, наведалі сучасны малочна-таварны комплекс у “Навасёлках-Лучай”, а таксама Пастаўскі льнозавод.

У праграме форуму быў і адкрыты дыялог моладзі з першым намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама Сяргеем Ляўковічам і памочнікам Прэзідэнта – інспектарам па Віцебскай вобласці Уладзімірам Юргевічам.

Ушачане актыўна ўключыліся ў размову і задавалі хвалюючыя пытанні. Галоўнымі тэмамі для абмеркавання сталі сацыяльная падтрымка моладзі, кар’ерныя перспектывы для маладых кіраўнікоў, стымулюючыя выплаты і многае іншае.

Сяргей Ляўковіч, першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама:

“Сёлета на Віцебшчыну прыбылі 322 маладыя спецыялісты. Форум – гэта добрая магчымасць пачуць ад маладых людзей, наколькі яны адчуваюць прадметную дапамогу і падтрымку на месцах, да чаго імкнуцца, пра што мараць, ці гатовыя да адказнасці. Пачутыя прапановы абавязкова будуць улічаны”.

Вольга КАМАРКОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *