10 мільёнаў 270 тысяч рублёў – такая сума ўрону, які сёлета нанеслі махляры жыхарам Віцебскай вобласці. Так, кожны з нас ведае, што злачынцы прыдумваюць самыя розныя спосабы выманіць у грамадзян грошы, на кожным кроку чуем пра тое, што трэба быць уважлівымі і асцярожнымі, аднак… За 10 месяцаў 2025-га на Віцебшчыне здзейснена 1708 кіберзлачынстваў. Зусім не абнадзейвае той факт, што ў параўнанні з мінулым годам гэта менш на 200 выпадкаў, бо за ўвесь 2024-ы жыхары вобласці перадалі махлярам 5 мільёнаў 200 тысяч рублёў – як бачым, сёлетняя лічба ўжо больш удвая!
Прафілактыцы кіберзлачынстваў у гэтым месяцы прысвечаны Адзіны дзень інфармавання. Інфармацыйна-прапагандысцкія групы на сустрэчах у працоўных калектывах абмяркоўвалі надзвычай актуальную тэму кібербяспекі. Важныя моманты, тэзісы, факты прывядзём у гэтым матэрыяле і мы.
Узроставая катэгорыя 50+ часцей становіцца ахвярамі тэлефонных махлярстваў, падману, даверлівасці, легенд аб дапамозе сваякам. А вось моладзь да 30 гадоў найбольш церпіць ад ашуканскіх дыстанцыйных здзелак з нерухомасцю, псеўда-інвестыцый у “біржы” і “розыгрышаў або акцый”.
Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Марковіч у рамках Адзінага дня інфармавання сустрэлася з калектывам райаддзела па надзвычайных сітуацыях.
Вельмі часта махляры выдаюць сябе за службовых асоб, прадстаўляюцца супрацоўнікамі праваахоўных органаў і работнікамі банкаў. У верасні з 67-гадовай жыхаркай вобласці ў Telegram звязаўся невядомы, які назваўся супрацоўнікам дзяржкантролю. Пры дапамозе штучнага інтэлекту згенерыраваў відэа з яго выявай і пераконваў пенсіянерку, што яе хочуць падмануць ашуканцы, а “праваахоўнік” спрабуе выратаваць зберажэнні. Два месяцы ахвяра пераводзіла грошы на рахункі – страціла 50 тысяч рублёў і ўжо планавала прадаць кватэру. Спыніць гэта дапамаглі знаёмыя, якія звярнуліся ў міліцыю.
Калі вам тэлефануюць ад імя работнікаў службаў газу, водаканала, энерганагляду, мабільных аператараў і на падставе заканчэння тэрміну дагавора прапануюць для яго падаўжэння паведаміць лічбавы код з смс – не верце! Пасля перадачы кода з вамі звяжацца ўжо “праваахоўнік” і запалохае тым, што на ваша імя будуць аформлены крэдыты. А каб іх пазбегнуць – прапануе аформіць сустрэчныя і атрыманыя грошы перавесці на ўказаны рахунак або карту.
Трэць махлярстваў здзяйсняецца пад выглядам продажу тавараў у Instagram або Telegram. Зламыснікі прапануюць пакупнікам зрабіць перадаплату за тавар і абяцаюць яго выслаць па пошце ці кур’ерам, пасля чаго зносіны спыняюцца, і “кліент” застаецца ні з чым. Важны момант: калі вы заказваеце тавар накладным плацяжом, абавязкова адкрыйце і праверце пасылку пры атрыманні на пошце! Так, нядаўна ва Ушачах замест тэлефона ўнутры каробкі аказаліся камяні.
Набірае абароты і яшчэ адзін від вымагальніцтва: пацярпелых пад рознымі падставамі вымушаюць на IPhone увайсці не ў свой уліковы запіс. Пасля гэтага тэлефон блакіруецца як выкрадзены і становіцца непрыдатным. Для разблакіроўкі зламыснікі патрабуюць выкуп. Такіх выпадкаў па краіне ўжо 526.
“Бацькоў пасадзяць, а цябе аддадуць у дзіцячы дом!” – так гавораць махляры, тэлефануючы дзецям. На мінулым тыдні 10-гадовая дзяўчынка ў Мінску пасля такіх слоў аддала злачынцам усе грошы, якія захоўваліся дома. Кур’ерам, дарэчы, аказалася яшчэ адна 12-гадовая мінчанка, якую ашуканцы пераканалі забраць з дома больш за 4 тысячы рублёў. Махляры выкарыстоўваюць сацсеткі, анлайн-гульні для ўстанаўлення кантакту з дзецьмі і падлеткамі. Яны маскіруюцца пад аднагодкаў, прапаноўваюць сяброўства, абяцаюць выйгрышы ў конкурсах або “лёгкі” заробак. Пагаварыце з дзецьмі, каб яны ведалі, як дзейнічаць у падобных сітуацыях!
Мікалай Баратынскі, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Ушацкага РАУС:
“У бягучым годзе на Ушаччыне зарэгістравана 8 кіберзлачынстваў, 4 з іх удалося раскрыць. Калі вы сталі ахвярай махляроў, як мага хутчэй звяртайцеся ў міліцыю. Сучасныя метады барацьбы дазваляюць спыніць дзеянні па вашай картцы і прыняць іншыя меры. Галоўнае – не ўпусціць час!”
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА

