Ва Ушацкім раёне зараз дзейнічае 8 рэлігійных абшчын трох канфесій, з іх 5 – Беларускай праваслаўнай царквы, па адной – рымска-каталіцкай, хрысціян веры евангельскай, евангельскіх хрысціян баптыстаў. На апошнім пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў абмяркоўвалася работа камісіі садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе сумлення, веравызнання і рэлігійных арганізацый.
Такая камісія створана пры райвыканкаме, адной з асноўных яе функцый, напрыклад, з’яўляецца вывучэнне пытанняў адпаведнасці дзейнасці рэлігійных абшчын заканадаўству краіны і іх статутам. Таксама з мэтай недапушчэння парушэнняў заканадаўства праводзіцца маніторынг набажэнстваў (у бягучым годзе іх не выяўлена).
У сувязі са зменамі ў заканадаўстве сёлета рэлігійныя арганізацыі павінны былі прайсці перарэгістрацыю і прывесці ў адпаведнасць свае дакументы ці прыняць рашэнне аб ліквідацыі. Усе зарэгістраваныя на Ушаччыне паспяхова перарэгістраваліся.
Рэлігійныя арганізацыі рэгулярна ўдзельнічаюць у дабрачынных акцыях, аказваюць дапамогу малазабяспечаным і шматдзетным сем’ям, адзінокім і састарэлым грамадзянам, інвалідам, людзям, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
У рамках выканання “Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой” у Віцебскай вобласці на 2021 – 2025 гады” ва ўстановах адукацыі функцыянуе эфектыўная сістэма ўзаемадзеяння са святарамі па пытаннях духоўна-маральнага выхавання, прафілактыцы шкодных звычак сярод падлеткаў, прапагандзе здаровага ладу жыцця. Наладжана супрацоўніцтва паміж Ушацкай ЦБС і выдавецтвам Беларускага Экзархата. Фонд духоўнай літаратуры складае больш за 6,5 тысяч асобнікаў, яна шырока прадстаўлена на выставах ва ўсіх бібліятэках.
“Асобна трэба адзначыць, што рэлігійныя абшчыны раёна вялікую ўвагу надаюць стану культавых будынкаў і з’яўляюцца прыкладам у добраўпарадкаванні прылеглых тэрыторый, робячы тым самым нашу Ушаччыну яшчэ прыгажэй”, – зазначыла старшыня райсавета Н.М.Марковіч.
Як падкрэсліў старшыня райвыканкама С.С.Шамовіч, які прыняў удзел у пасяджэнні, у Беларусі дзякуючы мудраму кіраўніцтву склалася ўнікальная сітуацыя згоды і разумення паміж вядучымі традыцыйнымі канфесіямі. Важна прывіваць моладзі духоўныя каштоўнасці.
Вольга КАМАРКОВА

