Як ужо паведамлялася, у канцы снежня плануецца ўвод у эксплуатацыю 40-кватэрнага жылога дома ў гарпасёлку, які літаральна на вачах вырас у мікрараёне вуліцы Віцебскай. Яшчэ ў сярэдзіне ліпеня падчас правядзення штаба па будаўніцтве тут быў закладзены толькі фундамент – а зараз прыгожая пяціпавярхоўка ўжо радуе вока яркімі фарбамі. Мы пабывалі на новабудоўлі каб даведацца, як праходзіць завяршальны этап работ.
У момант нашага візіту ў бытавым памяшканні якраз праходзіла невялікая вытворчая нарада, удзел у якой прымалі прараб Шумілінскай ПМК-70 Валерый Маскаленчык, старшы майстар Дзмітрый Каралёў, а таксама інжынер па тэхнічным наглядзе УКБ Лепельскага раёна Юрый Сазанкоў – таму інфармацыю мы атрымалі з самых кампетэнтных вуснаў.
Як вядома, работы на аб’екце выконваюць прадстаўнікі Шумілінскай арганізацыі сумесна з ушацкімі будаўнікамі – так што на пляцоўцы мы ўбачылі добра знаёмую ўшацкую брыгаду. У кабіне ж крана спрытна маніпуляваў рычагамі ветэран галіны Павел Бурак: уздымаў на ўзровень даху работніка, які займаўся мантажом вадасцёкавай сістэмы. Астатнія ж будаўнікі шчыравалі ў памяшканнях: рыхтавалі сцены пад чыставую аддзелку (паколькі будынак панэльны, штукатурыць іх не трэба), пачыналі ўкладку пліткі на падлогах у санвузлах і ламінату – у жылых пакоях, манціравалі сістэмы водаправода і каналізацыі.
“Паколькі ў гэтым доме 3 сацыяльныя кватэры і 37 – арэндных, здаваць яго будзем з поўнай аддзелкай, – праводзячы нас па кватэрах, патлумачыў Д.Каралёў. – Калі ж будуем жыллё для дольшчыкаў – яны самі могуць вырашаць, даручыць такія работы нам, ці выканаць іх самастойна, з больш дарагіх матэрыялаў”.
Цікавіў, нас, канечне, і ліфт – першы ў жылых дамах райцэнтра. “Устаноўка гэтага абсталявання – працэс складаны і высокатэхналагічны, патрабуе ўліку шэрагу канструкцыйных нюансаў, таму спецыялізаваная арганізацыя “Наваполацкліфт” вядзе яго на працягу двух месяцаў. Асноўны мантаж ужо выкананы, на чарзе – пусканаладачныя работы”, – зазначыў Ю.Сазанкоў.
Вылучаецца новабудоўля і тым, што тут будзе індывідуальнае газавае ацяпленне. У ліку яго асноўных “плюсаў” спецыялісты называюць эканамічную эфектыўнасць і надзейнасць.
Узвядзенне гэтага дома дазволіць вырашыць жыллёвае пытанне для шэрагу ўшацкіх сем’яў, у тым ліку спецыялістаў, у замацаванні якіх у раёне ўсе шчыра зацікаўлены.
Наталля БАГДАНОВІЧ

