Кубліцкі
Новыя шыльды
ўказваюць нумарацыю дамоў па вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Дарошкавічы. На бачных месцах фасадаў усіх 15 сядзіб, у тым ліку дзвюх нежылых, іх прымацаваў старэйшына населенага пункта Віктар Стукан (на здымку). Набыты таблічкі за сродкі самаабкладання жыхароў на суму 350 рублёў.
Канкурэнтны аўкцыён
Сапраўдныя баталіі разгарнуліся падчас правядзення аўкцыёну па продажы ўчастка ў вёсцы Рыбакі – у ім прынялі ўдзел тры прэтэндэнты, а стартавая цана з 3,5 тысячы рублёў вырасла да пятнаццаці. Абумоўлена гэта, канечне, тым, што зямля пад будучую забудову знаходзіцца на вуліцы Азёрнай у некалькіх метрах ад вады. Шчаслівым уладальнікам участка аказаўся жыхар сталіцы, які ўжо меў у вёсцы невялікі домік.
Дубовы сквер
Замест знесенага дома па вуліцы Савецкай у Кублічах закладзены дубовы міні-сквер – пасаджана 20 дрэў. На азеляненне пустыра ў цэнтры аграгарадка выйшлі спецыялісты сельвыканкама і актывісты ўсіх суботнікаў – сацыяльныя і культработнікі.
Сарочынскі
Ямкавы рамонт
На мінулым тыдні за сродкі сельвыканкама, выдзеленыя на добраўпарадкаванне населеных пунктаў, сіламі камунгасаўцаў зроблены ямкавы рамонт вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Сарочына. На ліквідацыю выбоін пайшло тры машыны пяску, які адразу разраўнялі грэйдарам.
Дадатковыя ліхтары
Населеныя пункты, праз якія праходзяць ажыўленыя аўтатрасы рэспубліканскага і абласнога значэння, павінны добра асвятляцца. Такім чынам па патрабаванні ДАІ дадатковыя ліхтары з’явіліся ў вёсцы Чарсцвяды, Угрынкі і аграгарадку Вялікія Дольцы.
Жарскі
Чарговая міні-станцыя
Спецыялісты Ушацкага ўчастка “Полацкводаканала” ўласнымі сіламі пабудавалі чарговую міні-станцыю абезжалезвання. Яна з’явілася ў вёсцы Жары, у якой пастаянна пражывае 112 чалавек. Як і большасць папярэдніх “міні”, станцыя размешчана ля свідравіны і ўяўляе сабой схаваныя пад зямлёй фільтры. Пасля завяршэння пусканаладачных работ жыхары адчуюць розніцу ў якасці вады.
Пасвятлелі вуліцы
Быццам гарадскі праспект асветлена ў цёмны час сутак вёска Броўчына. Гэта стала магчымым пасля замены па ёй ліній электраперадач, таксама як і правядзенне сяльчанамі ў свае дамы ацяплення і гарачай вады па льготных тарыфах. Святлей стала і ў Слабадзе – там устанавілі дадатковы ліхтар, яшчэ два з’явяцца ў працяглым Гарадцы.
Вялікадолецкі
Папрыгажэла наваколле
Чарговы трухлявы дом знесены нядаўна ў аграгарадку Вялікія Дольцы за бюджэтныя сродкі. Гэта на адзін больш запланаванага – раней чатыры старыя нежылыя пабудовы ўбраны ў вёсках Касары і Пораўна. Работы па зносе як на тэрыторыі гэтага сельсавета, так і ў вёсках Крошына, Пліна Ушацкага, Мосар, Слабада Сарочынскага выконваліся сіламі прыватнай фірмы “МаркВелес”.
Ушацкі
Жывая агароджа
будзе аддзяляць могілкі вёскі Старое Сяло ад дарогі і рова. Праглядацца, праўда, яна пачне пазней, калі прыжывуцца 80 елак і 40 кустоў спірэі. Суботнік па азеляненні прайшоў на месцы, дзе нядаўна добраўпарадкавана брацкае пахаванне партызан. Спірэя і саджанцы елкі – дапамога дэпутата Ушацкага сельскага Савета Аляксандра Баратынскага.
Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА


