«Cчастлив тот, кто счастлив дома». К такому выводу пришли участники интересного тренинга

Образование и молодежь

Менавіта так называўся захапляльны трэнінг, які арганізавалі для нас, ушацкіх вучняў, у раённай бібліятэцы.

Сапраўды, ад атмасферы, якая пануе ў сям’і, залежыць вельмі многае. І каб ацаніць свае адносіны з бацькамі, мы пастараліся шчыра адказаць на пытанні тэста, які прапанавала нам псіхолаг райбальніцы Наталля Лісічонак. У іх ліку былі, напрыклад, такія: ці абмяркоўваем мы разам фільмы і кніжкі, як часта просім у таты і мамы парады ці прабачэння, як ставімся да таго, што некаторыя адпраўляюць старэнькіх бацькоў у прытулак для знямоглых? Амаль усе мае аднакласнікі набралі высокія балы – і гэта азначала, што адносіны з бацькамі ў іх добрыя, у сем’ях пануе згода.

Хоць, канечне, канфліктныя сітуацыі здараюцца. Некаторыя з іх мы разабралі з псіхолагам. Напрыклад, нам прапанавалі ацаніць паводзіны хлопчыка, якога бацькі прымушаюць прыбіраць у пакоі, а ў адказ чуюць грубыя словы. Сітуацыя знаёмая: не вельмі хочацца губляць час на навядзенне парадку, ёсць жа заняткі больш цікавыя. Але гэта не нагода для канфлікту! Кожны павінен рабіць дамашнія справы, бо несправядліва перакладаць іх толькі на бацькоў, яны ж і на рабоце стамляюцца… Ці вось такі выпадак: дзяўчынка скардзіцца, што мама “лезе ў яе жыццё”, і патрабуе, каб ад яе “адсталі”. Сапраўды, іншы раз хочацца мець свае сакрэты ад дарослых, але ж мы яшчэ не настолькі самастойныя: бацькі адказваюць за нас і, канечне, ім крыўдна, калі мы не хочам нічым дзяліцца.

Такім чынам, мы прыйшлі да высновы, што атмасфера ў сям’і залежыць ад кожнага, хто ў яе ўваходзіць. Проста трэба шанаваць адзін аднаго і цаніць тое, што побач ёсць блізкія людзі. Сям’я – гэта вялікая каштоўнасць.

Улад КАРПАЎ, удзельнік клуба юных рэпарцёраў. Матэрыял да друку падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *