Набліжэнне Новага года адчуваецца ўжо ва ўсім. Вячэрняя ілюмінацыя змяніла прывычныя абрысы галоўнай вуліцы Ушач. Тэматычныя кампазіцыі з падвяснымі шарамі, яловымі лапкамі, казачнымі персанажамі ўпрыгожылі гандлёвыя кропкі. Ды і на паліцах зараз ёсць што прыгледзець!
Падказка для тых, хто любіць рабіць падарункі: акрамя традыцыйных рушнікоў і шкарпэтак у навагоднім стылі на прылаўках ужо з’явіліся розныя па якасці, цане і густу падсвечнікі і вазы, скураныя вырабы і посуд, рамкі для фотаздымкаў і кухонныя прылады. Дзеды Марозы могуць знайсці ва ўшацкіх магазінах новую бараду, гномы – калядныя шапкі, пад іншыя карнавальныя касцюмы – акуляры, абадкі для валасоў. Нямала ў продажы і ўпрыгожанняў для дома: гірляндаў, рознакаляровай мішуры і непасрэдна навагодніх дрэўцаў, пакуль што выключна штучных.
Ну і, канечне, які Новы год без пачастункаў? Ужо з канца лістапада гандлёвыя кропкі падрыхтаваліся да павышанага попыту на цукеркі – завезлі як вагавыя, так і гатовымі наборамі. Напрыклад, у “Санце” (на здымку) у дзень нашага візіту ў наяўнасці было каля 40 найменняў першых і звыш 20 – другіх. Скрынкі з ручкамі і без, у выглядзе домікаў, канёў, з металічнымі вечкамі і каляровымі шнуркамі – ад прапаноў пераважна беларускіх вытворцаў вочы разбягаюцца.
Цукеркі з ёгуртам і какавай на какосавым алеі, нуга з кавалачкамі фруктаў і ягад, зефір са смакам мандарынаў, чарэшні, ірландскага крэму… Кандытарскія фабрыкі традыцыйна парадавалі беларусаў да Новага года шэрагам смачных навінак. Ва ўшацкіх магазінах яны таксама ёсць, так што заходзьце – парадуйце сябе і блізкіх да свята.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ

