Па інфармацыі райаддзела міліцыі, у лістападзе бягучага года на Ушаччыне ўзбуджана сем крымінальных спраў.
Ні касцюма, ні грошай
Не перастаюць нашы землякі трапляць на ўлоўкі інтэрнэт-махляроў. На гэты раз ад іх дзеянняў пацярпела ўшачанка, якая меркавала набыць сабе праз сацыяльную сетку Інстаграм спартыўны касцюм. Кошт у памеры 100 рублёў яе цалкам задаволіў, як і патрабаванне нібыта прадаўца разлічыцца за тавар загадзя. Жанчына перавяла грошы на ўказаны рахунак, але ж чаканы ўбор так і не атрымала. На сувязь той бок больш не выходзіў.
Бычкі… уваскрэслі?
Праблемы з законам зарабілі сабе адразу чацвёра работнікаў двух сельгаспрадпрыемстваў раёна. У першым выпадку, каб пазбегнуць дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці за дапушчаны падзеж жывёлы, мужчына 1967 года нараджэння вырашыў яе рэалізаваць… як жывую. Ва ўсялякім выпадку так значылася ў дакументах, якія разам з трыма маладзейшымі калегамі ён “падкарэкціраваў”. Гэтак жа несапраўдныя звесткі ўнесла і загадчыца іншага жывёлагадоўчага аб’екта – бычка, які насамрэч загінуў, жанчына нібыта забрала сабе жывым.
У свабодным доступе
Устанаўліваецца зараз асоба злодзея, які правёў “рэвізію” ў чужым двары ў Старым Сяле Жарскага сельсавета. Выкрадзены металічныя вырабы, лом чорнага металу на агульную суму 395 рублёў. Пра захаванасць такой маёмасці гаспадары не паклапаціліся.
“Забылася” пра дзяцей
Жыхарка Ушаччыны 1988 года нараджэння даўно пераклала абавязкі па выхаванні дваіх дзяцей на іх бацьку – доўгі час не працаўладкоўвалася, аліменты не плаціла, за што ўжо мела не адну судзімасць. Зрэшты, штосьці мяняць у такім раскладзе не стала і сёлета: са студзеня ўпарта “забывалася” пералічаць сродкі на сына і дачку. У адносінах жанчыны ўзбуджана чарговая крымінальная справа.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

