22 декабря — День энергетика. Как проходят будни Ушачского производственно-сбытового участка Полоцкого филиала «Энергосбыт»

Общество

С.Алексяёнак, А.Лапёнак, А.Арцямёнак.

Пры размове з начальнікам Ушацкага вытворча-збытавога ўчастка Полацкага філіяла “Энергазбыт” прагучаў званок, і Максім Русланавіч Прашкевіч адкрыў спецыяльную праграму. Удакладніў нумар дома, прозвішча і паведаміў: “Ніякай запазычанасці па такім адрасе няма. Стапрацэнтна махляры, бо мы ў зносінах з абанентамі ніколі не карыстаемся тэлеграмам ці вайберам і не патрабуем пашпартных даных. Усе неабходныя звесткі маем і так”.

Сапраўды, база даных дасканалая, як і ўлік праз электронную праграму АСКУЭ. Выраз савецкіх часоў, калі пра кантралёраў арганізацыі казалі “ходзяць па свеце”, кануў у нябыт. Практычна ўсе лічыльнікі заменены на разумныя лічбавыя, якія самі перадаюць паказанні і выстаўляюць суму да аплаты. І тым не менш раз у год праводзяцца планавыя праверкі, каб пераканацца, што не здымаліся пломбы, усё спраўна працуе, а раз у восем ідзе паверка прыбораў.

Энергазбыт яшчэ раз папярэджвае абанентаў не паддавацца на ўлоўкі махляроў і нагадвае, што планавая замена лічыльнікаў таксама праводзіцца бясплатна.

Сёлета будзе “алічбавана” 97 працэнтаў абанентаў, застаюцца невялікія вёскі з малой колькасцю жыхароў, дзе немэтазгодна ўстанаўліваць дарагое абсталяванне ці абаненты недаступны.

Але тым не менш электраманцёры Анатоль Лапёнак, Аляксандр Арцямёнак і Віталь Лукша штодня на выездах. Звяраюць паказанні, правяраюць спраўнасць прыбораў, выпраўляюць хібы. З 2022 года, калі распачалася замена абсталявання пад праграму АСКУЭ, новае наладжана літаральна на кожнай з 500 падстанцый, аднак стыхія ці жывёла, бывае, выводзяць са строю антэны. Наогул высветліць прычыны збояў і прааналізаваць іх – задача інжынера-электроніка па АСКУЭ, якім нядаўна назначаны Сяргей Алексяёнак. Акрамя работ па замене абсталявання і яго рамонце, сёлета прыкметна ўзрасла нагрузка па замене лічыльнікаў у сувязі з правядзеннем электраацяплення. Па-першае, у многіх вясковых дамах засталася старая праводка і “пробкі”, якія ў абавязковым парадку мяняюць на аўтаматы. Па-другое, калі абаненты карыстаюцца энергіяй толькі для падтрымання камфортнай тэмпературы і падагрэву вады, то ў іх будзе два рахункі і лічыльнікі. Літаральна за ўсе спажытыя кілаваты па льготным кошце (12 капеек) плацяць сорак чалавек.

Асноўныя абавязкі супрацоўнікаў энергазбыту – кантроль за аплатай за спажытую энергію. А на сённяшні час яны маюць справу з 9433 абанентамі. М.Прашкевіч адзначае, што скарацілася як агульная, так і пратэрмінаваная запазычанасць, і тым не менш факты адключэння даўжнікоў, а адбываецца яно на трэці месяц пасля няўплаты, сустракаюцца. “Праблемна адшукаць дачнікаў-расіян, якія знаходзяцца на Ушаччыне толькі ў цёплы час, а бывала, што людзі выязджаюць і забываюцца адключыць цёплую падлогу. Канечне, шукаем, папярэджваем. У цэлым жа ў нас сумленныя карыстальнікі, а сучасныя перамены, канечне, спрасцілі для людзей сістэму разліку, а для нас – улік. У нашай арганізацыі працуе 15 чалавек, якім я ўдзячны за бездакорную работу. З прафесійным святам хочацца павіншаваць таксама нашых ветэранаў Ф.І.Федарэнку, П.П.Прашковіча, Р.А.Коршун, Л.А.Цітову, У.М.Сабіна, А.Р.Ярмоша”, – кажа М.Прашкевіч.

У полі зроку электраманцёраў і кантралёраў энергазбыту – 11576 асабістых рахункаў. Апошнія сочаць за правільнасцю і своечасовасцю разлікаў, прымяненнем тарыфаў пры наступленні льгот, вядуць перамовы з абанентамі. А прыходзяць людзі не заўсёды задаволеныя. Адны ўдакладняюць лічбы, а другія не згодны з налічанымі сумамі. Тактоўна растлумачыць, параіць, зрабіць запыты на наяўнасць ільгот – штодзённыя абавязкі Святланы Бугай і Вольгі Зелянік (на здымку).

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *