Зося, Чеся, Малыш — символы 2026 года с молочнотоварной фермы «Селище»

Калейдоскоп

2026-ы па ўсходнім календары – Год вогненнага каня, таму адшукаць для навагодняга матэрыялу хацелася не чорнага, не рабога, а менавіта рыжага скакуна. І хоць гэтай прыгожай працавітай жывёлы ў раёне засталося некалькі дзясяткаў, усё ж пашчасціла сустрэць трох рознага адцення вогненных конікаў – прычым у адным месцы – на малочнатаварнай ферме Селішча.

“Зосю я на ферму перадала, гэта ўнучка нашага ўласнага каня, – загадчыца Алена Васільеўна Бельская паказвае прыгажуню з залацістай грывай. – Цагляны з белай зоркай на лбе – Чэся, ён у нас старажыл, з чвэрць века тут. А Малыш хоць саступае ім у статнасці, аднак з’яўляецца бацькам Зосі. Усе трое яшчэ жарабятамі гадаваліся на ферме, а потым сталі незаменнымі ў падвозе і раздачы кармоў”.

Яшчэ некалькі год таму ўсіх разам можна было адначасова сустрэць у вупражы. Зараз тры конскія адзінкі замяняе адна машына “Гаспадар”, аднак штодня каго-небудзь з іх усё ж ставяць у аглоблі, каб падвезці муку ці выканаць яшчэ якія даручэнні. А яшчэ конікі выдатна вядомы ўсяму селішчанскаму наваколлю, паколькі па-ранейшаму ўзворваюць агароды, ставяць градкі, ганяюць бульбу.

І яны ў сваю чаргу вельмі прывязаны да малой радзімы. Пасля аб’яднання “Агра-Селішча” з “Дземенцам” Зосю перадалі ў Глыбачку, аднак яна некалькі разоў уцякала дамоў і беспамылкова даходзіла да гарпасёлка. На сваю ж ферму вярталася галопам са смелай наезніцай – даяркай Людмілай Радзюш. Так, каб упраўляць канямі – патрэбна адвага – гэта вельмі наравістая жывёла. Вось і Зося паказвала характар – станавілася на дыбкі, не жадаючы апранаць навагодні дожджык. Аднак адчуваючы цвёрдую руку слесара Віктара Грабоўскага, усё ж пакарылася.

Хочацца верыць, што сімвал года прынясе ўдачу гэтай невялікай ферме і яе працаўнікам. А самая вялікае іх жаданне – каб як мага даўжэй заставаўся на вёсцы гэты жывёлагадоўчы аб’ект.

Вольга КАРАЛЕНКА.
На здымках: В.Грабоўскі з Малышом і А.Бельская з Зосяй.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *