Прыемная навіна ад ушацкіх медыкаў: у кабінеце ультрагукавой дыягностыкі адбылося тэхналагічнае перааснашчэнне.
Новы апарат, які паступіў з Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, мае вельмі высокія функцыянальныя магчымасці. Сучаснае праграмнае забеспячэнне, павялічаная колькасць доплераў (цяпер іх пяць) дазваляюць максімальна якасна праводзіць абследаванне органаў, сістэм, сасудаў.
Перавагі абсталявання высокага класа ўжо ацанілі вопытныя ўрачы Таццяна Сідарэнка і Дзяніс Праннік (на здымку). Дарэчы, плануецца, што апошні ў бліжэйшай перспектыве будзе працаваць тут на цэлую стаўку замест ранейшых 0,5. Гэта дазволіць арганізаваць работу кабінета з 8.00 да 19.00, а значыць, прыняць за дзень значна большую колькасць пацыентаў.
Між тым, і ранейшае абсталяванне без справы стаяць не будзе. Як падкрэсліў галоўны ўрач райбальніцы Юрый Пацёмкін, у 2026 годзе ў паліклініцы з’явіцца яшчэ адзін кабінет УГД-дыягностыкі – рамонт у ім ужо вядзецца. Абследаваць тут будуць сэрца (на такую запатрабаваную, працяглую па часе працэдуру зараз ёсць чарга) – урач функцыянальнай дыягностыкі Валянціна Нарывончык пройдзе неабходнае навучанне.
Прыемна, што база ЦРБ мадэрнізуецца. Ды ўсё ж хочацца пажадаць, каб ушачанам падобныя паслугі патрабаваліся ў новым годзе як мага радзей.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ

