На мінулым тыдні ва Ушачах аднавіў работу магазін кааператараў “Мясная лаўка”. Хоць назва і месцазнаходжанне гандлёвага пункта засталіся ранейшымі – ён належыць ужо Верхнядзвінскаму філіялу аблспажыўтаварыства, а ўвесь асартымент мясной прадукцыі – уласнай вытворчасці. Каб зарыентавацца ў новай прадукцыі, у дзень адкрыцця пакупнікі маглі прадэгуставаць каўбасы, вяндліну, іншыя гатовыя вырабы.
Так, асартымент крамы падзелены на некалькі аддзелаў. У адной вітрыне-халадзільніку змешчана ахалоджаная прадукцыя мясаперапрацоўчага цэха верхнядзвінскіх кааператараў – сала, фаршы, вяндліна, у другой – субпрадукты. Пераканацца, што менавіта гэтым перш за ўсё цікавая крама ўшачанам, можна было літаральна праз пару гадзін яе работы – першымі разышліся пячонка, язык, ныркі – увечары ўжо не было нічога з прывезенага 60-кілаграмовага аб’ёму.
Асобна ў халадзільніках паўфабрыкаты – клёцкі, пельмені, галубцы, катлеты, замарожаныя фаршы і корм для жывёлы. Можна набыць і любыя іншыя прадукты: бакалею, “малочку”, мінералку і напіткі, у тым ліку і ўшацкія, выбар хлеба – з асартыменту нашых, а таксама верхнядзвінскіх і расонскіх вытворцаў. Крама цікавая не толькі выбарам прадукцыі, а і дэмакратычнымі цэнамі.
Прысутнічаў на адкрыцці, выслухваў пажаданні пакупнікоў і адказваў на іх пытанні намеснік старшыні праўлення Віцебскага аблспажыўтаварыства Аляксандр Мікалаевіч Хвесюковіч.
“Мясная лаўка” працуе з адным выхадным – панядзелкам – з 9 да 19 гадзін, а дні завозу прадукцыі – аўторак, чацвер і субота.
Вольга Караленка.

