Редакция газеты «Патрыёт» разыграла шесть подарков среди своих подписчиков!

Общество

Да старога Новага года таксама патрэбны падарункі! Каб парадаваць нашых чытачоў, мы спецыяльна падвялі вынікі конкурсу падпісчыкаў да гэтай даты. Прынялі ўдзел у ім сёлета больш ушачан, чым летась, 91 чалавек: 27 з іх выпісалі “Патрыёт” на паўгода, а 64 – на квартал. Прызы ж мы ўручылі шасцярым шчасліўчыкам.

Перачытваючы прозвішчы ўдзельнікаў, пераконваліся, што сярод іх нашы верныя падпісчыкі, якія і раней выпісвалі газету адразу на працяглы тэрмін і прымалі ўдзел у навагодніх конкурсах. Практычна кожнага з іх мы ведаем асабіста, бо яны і самі станавіліся героямі публікацый, і падказвалі тэмы для іх. Дзякуй вам, нашы падпісчыкі за вернасць “раёнцы”.

Ці “хварэем” мы за некага падчас конкурсу? Паверце, не. Вы ўсе настолькі блізкія, што проста радуемся, калі са скрыні падчас розыгрышу дастаецца чарговае імя. А конкурс заўсёды праводзім абсалютна празрыста – усё вырашае ўдача. На гэты раз мы паклікалі нашу падпісчыцу Т.У.Хрыпель. Прозвішча Таццяны Уладзіміраўны таксама было ў агульнай скрыні, з якой яна выцягвала запіскі з імёнамі.

Аляксандр Германавіч Міхайлаў выйграў камплект пасцельнай бялізны. У яго сям’і захоўваюцца стосы “Патрыёта”, у якім расказвалася пра перамогі дзяцей, настаўніцы Марыны Уладзіміраўны, і цэлыя артыкулы яе бацькі Уладзіміра Антонавіча Крывапушчанкі, які балаваў чытачоў сваімі гістарычнымі аповедамі.

Былы работнік лясгаса Людміла Раманаўна Севярын стала ўладальніцай набору чаю. Яна неаднойчы дапамагала нам у пошуках матэрыялаў, бо як сакратар ведала ўсё пра сваіх калег, ды і ў яе ўтульнай сядзібе была нагода пабываць “патрыётаўцам”.

галоўны рэдактар В.Камаркова і М.Фядосенка

Ну а трэцяга пераможцу сярод паўгадавых падпісчыкаў можна лічыць шчасліўчыкам. Мікалай Леанідавіч Фядосенка ўжо атрымліваў ад нас прыз некалькі год таму. А гадзіннік будзе нагадваць яму не толькі пра час, а і пра 1977 год, калі прыехаў у раён і ўпершыню пазнаёміўся з “Патрыётам” – ён у складзе брыгады меліяратараў будаваў на былым балоце школьны стадыён.

Кароткую гісторыю знаёмства расказалі квартальныя пераможцы Галіна Касьянаўна і Мікалай Мікалаевіч Цыбанёвы, якія выйгралі вялікі набор ручнікоў. Пазнаёміліся ўшачанка і хлопец з Каспію ў Германіі. Былы будаўнік і работнік “Сельгасхіміі” захоўваюць усе выразкі пра ПМК-66, літаральна днямі жанчына разглядала калег на агульным фота 1998 года.
Ёй, як і А.А.Шынкоўскаму, у розыгрышах раней не шанцавала. Аляксандр Адольфавіч, які выйграў тэрмас, расказаў, што толькі калі ў 1976 годзе вучыўся ў раённым ДТСААФ і там “уручалі” па 50 білетаў – адзін мог аказацца з маленькім выйграшам. “Патрыёт” ён чытае больш чым паўвека, памятае, што выпісвалі газеты ўсім класам, запаўняючы ў школе квіткі.
Ну і яшчэ адзін падарунак за квартальную падпіску чакае Паўла Вадзімавіча Дзямешку з РАУС, які выйграў плед.

Нашы невялікія сувеніры – удзячнасць за вернасць сваёй “раёнцы”, але мы не развітваемся: дні сустрэчы застаюцца ранейшымі – па серадах і суботах. У новым годзе, як заўсёды, будзем рыхтаваць для вас змястоўныя і цікавыя нумары.

Вольга КАРАЛЕНКА.

 

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *