В рамках акции «От всей души» в центре культуры прошёл Рождественский бал

Культура

Каляднымі балямі Беларусь славілася з часоў Радзівілаў, зараз жа забытая прыгожая традыцыя актыўна аднаўляецца. 3 2010 года такія мерапрыемствы пачалі ладзіць у тэатры оперы і балета, потым – у Нясвіжскім і Мірскім замках, ужо ў дзявяты раз прайшоў сёлета навагодні баль для моладзі ў Палацы Рэспублікі, а летась у рамках акцыі “Ад усёй душы” такія імпрэзы ўпершыню арганізавалі па ўсёй краіне для людзей “залатога ўзросту”.

Ідэя спадабалася – і сёлета калядныя балі сабралі яшчэ больш ветэранаў. У дзень старога Новага года прыгожа і натхнёна кружыліся ў танцы пары і ва Ушацкім раённым цэнтры культуры. На паркет выйшлі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН, удзельнікі народнага харавога калектыву “Ветэран”, прадстаўнікі раённай ветэранскай арганізацыі. Для людзей ва ўзросце – гэта нагода дастаць з шафаў прыгожыя сукенкі і касцюмы, адчуць прыемнае хваляванне і аздобіць жыццё яркай падзеяй! Ну а каб дадаць святу маладога запалу, запрасілі на яго і юных танцораў з узорнага фальклорна калектыву “Спадчына”.

У праграме, якую суправаджалі вакальныя нумары хору і яго салістаў, знайшлося месца і народным беларускім танцам, і сучасным хітам, і канечне, вальсу. А прадстаўніцы аддзялення ТЦСАН паказалі сваю харэаграфічную кампазіцыю.

“Было вельмі захапляльна акунуцца ў рамантыку балю! Быццам у маладосць вярнуліся”, – падзялілася з намі Ірына Тарасеня, вакальны нумар якой упрыгожыў праграму. А пад словы вядомага хіта: “Я хачу, каб песні гучалі…” усе прысутныя ўзяліся за рукі і стварылі вялікі карагод. Не абышлося і без пачастункаў: пра салодкі стол паклапацілася раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.

“Проста выдатна, што ў нашай краіне праводзіцца такая цудоўная акцыя для пажылых грамадзян. І сёння мы ў чарговы раз пацвердзілі выснову: важна не тое, колькі год у пашпарце, а тое, колькі ў душы!”, – агучыла агульную думку старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Васілеўская.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *