Мороз минус двадцать, а на катке — аншлаг. Как ушачане проводят зимние выходные

Общество

Ля адзнакі “-20” трымаўся слупок тэрмометра ў выхадныя. Напэўна, усе ўшачане ў такую сцюжу сядзяць дома? Зрэшты, мы вырашылі гэта праверыць – і накіраваліся да спарткомплексу, дзе, як заўжды, для аматараў актыўнага адпачынку заліты каток і пракладзена лыжная траса. І ўжо здаля пачулі вясёлы гоман на лядовай пляцоўцы.

На наша здзіўленае: “Ого, як шмат народу!” юнакі з клюшкамі, што гуртаваліся ля хакейных варот, зазначылі: “Гэта яшчэ нямнога! Учора пад вечар было чалавек сорак!”.

Дружным дуэтам выехалі на лёд школьніцы Ксюша Лемеш і Мілюціна Гардзіёнак – катацца яны навучыліся яшчэ летась і выглядаюць ужо досыць упэўнена. А вось Ульяна Хадасевіч канькі апранула толькі ў другі раз, таму зусім нялішняй была для яе “трэнерская” падтрымка мамы. Сталі мы сведкамі і абсалютнага дэбюту: першыя крокі па лёдзе зрабіла Анечка Макарава, якой толькі днямі споўніцца чатыры годзікі. Вядома ж, у такі важны момант суправаджаў фігурыстку ганаровы бацькоўскі эскорт. “Жывём у Наваполацку, але часта прыязджаем на ўшацкі комплекс, бо тут нам вельмі падабаецца! Сёння плануем і на катку пабываць, і ў басейне паплаваць. Пра ваш аб’ект даведаліся з рэкламы ў сацсетках, хвалілі яго і знаёмыя, а цяпер і мы самі ўсім расказваем, як тут здорава!”, – падзяліліся з намі Кацярына і Андрэй Макаравы.

Ну а мы тым часам накіроўваемся да адміністратара спарткомплексу Алены Клімашэўскай, якая сустракае нас лаканічнай фразай: “Зіма ўдалася!” Сапраўды, пры снежным дэфіцыце апошніх гадоў сёлетняе надвор’е аматарам зімовых актыўнасцяў – як бальзам на душу.

У суботу, напрыклад, спартыўны інвентар напракат узялі больш за 80 чалавек, многія прыходзяць і з уласным.

“Выбар тут, як бачыце, багаты. Канькі ёсць і для маленькіх, і для тых, у каго 44-ы памер”, – адміністратар праводзіць нас у пакой, дзе наведвальнікі падбіраюць сабе інвентар. Самыя актыўныя з іх – школьнікі, таму работнікі спарткомплексу кантралююць, ці не забыўся хто дома шапку і рукавіцы, папярэджваюць, што калі яны адчуюць паколванне ў пальцах – варта прыйсці пагрэцца. “Мы цёпла апранаемся і актыўна рухаемся! Не хвалюйцеся, не замерзнем!” – прымяраючы канькі, запэўніваюць нас сяброўкі Паліна Пліско і Эльвіра Базылева.

І такая тут атмасфера пануе, што і нам захацелася далучыцца да спартыўнага дзейства – выбралі сабе лыжы з чаравікамі і выйшлі апрабоўваць трасу. А яна, дарэчы, таксама не пуставала. “Для мяне лыжныя прагулкі – самы лепшы адпачынак, – прызналася нам ушачанка Ганна Бабянок. – Катаюся не толькі па гэтай лыжні, а і па вясковых дарогах у наваколлі Забораўна, Новага Сяла. Падчас такіх вандровак атрымліваю асалоду ад неверагодных зімовых пейзажаў, нават лася нядаўна на ўзлеску бачыла!”

Мікалай Несцярэнка, які ў цёплы час года актыўна займаецца веласпортам, расказаў, што зараз падтрымлівае форму на лыжні. А Дар’я і Ілья Падгол мелі намер высветліць, хто ў іх маладой сям’і больш хуткі лыжнік. “У мяне, як настаўніцы фізкультуры, шансы, канечне, лепшыя, але і ў раён электрасетак, дзе працуе муж, слабых хлопцаў не бяруць!” – з гумарам разважала Даша…

Увогуле, абсалютна ва ўсіх, з кім нам давялося пагутарыць ля спарткомплексу, настрой быў прыўзняты. Як там казаў класік? “Мароз і сонца – дзень цудоўны!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *