Ва Ушацкім РАУС падвялі вынікі аператыўна-службовай дзейнасці за 2025 год. Так, злачынстваў у раёне стала менш. Паспакайнела на сяле і ў грамадскіх месцах. Аднак было адно забойства і адно наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Часцей фігуравалі ў міліцэйскіх зводках судзімыя і нецвярозыя.
“П’яныя” злачынствы
Як падкрэсліў начальнік аддзела Віталь Карэнскі, прафілактычная работа дазволіла захаваць тэндэнцыю па скарачэнні колькасці злачынстваў. Летась на Ушаччыне іх зарэгістравана 83, што на восем менш, чым у 2024-м. Увогуле не было разбояў, вымагальніцтваў, грабяжоў і згвалтаванняў. Паменела хуліганстваў (адно супраць трох), крадзяжоў (19 супраць 29), угонаў (два супраць пяці).
Разам з тым, зарэгістравана адразу пяць фактаў экстрэмізму (праз размяшчэнне фотаздымкаў, інфармацыйных матэрыялаў людзі садзейнічалі такой дзейнасці ў інтэрнэце) – трое зараз знаходзяцца ў вышуку. З пяці да васьмі вырасла колькасць эканамічных злачынстваў, два з якіх – з катэгорыі карупцыйных. За дамашняе насілле крымінальную адказнасць панеслі чатыры чалавекі.
З мэтай прафілактыкі правапарушэнняў у адносінах членаў сям’і прыменена 88 ахоўных прадпісанняў, у тым ліку 77 – з устанаўленнем абавязку пакінуць жыллё. 39 агрэсараў займелі адміністрацыйнае спагнанне.
Стала больш цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў – 18 (восем з іх – незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў). Падазроныя па ўсіх іх былі ўстаноўлены.
Што ж датычыцца агульнага раскрыцця, то па лініі крымінальнага вышуку яно склала 85,4 працэнта. І хоць гэта менш, чым у 2024-м (92,9), паказчык усё роўна дастойны – адпавядае сярэднеабласному. Раскрыты ўсе злачынствы на тэрыторыі Ушацкага, Кубліцкага і Вялікадолецкага сельсаветаў.
Трэба падкрэсліць, што кожны трэці злодзей “выходзіў на справу” ў стане алкагольнага ап’янення і меў судзімасць. Большасць з гэтых грамадзян нідзе не працавалі і не вучыліся.
Махляры і частыя аварыі
Часцей рэгістраваліся ў раёне кіберзлачынствы – дзевяць фактаў, адно з якіх з улікам значнай сумы выкрадзенага – з катэгорыі цяжкіх. Дарэчы, падазроныя па ўсіх трох крадзяжах шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі (маюцца на ўвазе выпадкі, калі нехта разлічваўся ў магазіне чужой карткай ці здымаў з яе грошы ў банкамаце) устаноўлены, як і адзін з шасці махляроў (яны звычайна звязваюцца з будучымі ахвярамі ў мэсанджарах).
Па лініі дзейнасці наркакантролю ніхто да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся (у 2024-м трое займаліся незаконным абаротам “зелля”). Толькі дзевяць нашых землякоў атрымалі папярэджанні за вырошчванне маку, іншых падобных раслін.
У лячэбна-працоўныя прафілакторыі накіравана 19 жыхароў раёна, дзевяць з якіх мелі судзімасць. Ажно 19 асоб (у 2024-м – дзевяць) прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства, у іх канфіскавана 296,7 літра самагону, брагі, іншай спіртаўтрымліваючай вадкасці, шэсць самагонных апаратаў.
На дарогах раёна адбылося пяць аварый з пацярпелымі: адзін чалавек загінуў, пяць атрымалі траўмы. Пры гэтым два вінаватыя вадзіцелі знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, а адзін (дарэчы, непаўналетні) кіраваў сродкам персанальнай мабільнасці. ДТЗ з матэрыяльным уронам было ажно 103 (годам раней – 83).
На перспектыву
Сёлета галоўную ўвагу ўшацкія праваахоўнікі будуць звяртаць на прафілактыку асабліва цяжкіх злачынстваў, эканамічнага профілю, а таксама ў сферы высокіх тэхналогій. Працягнецца работа па зніжэнні ўзроўню алкагалізацыі насельніцтва, з усімі катэгорыямі ўдзельнікаў дарожнага руху, адпрацоўка населеных пунктаў са складанай аператыўнай абстаноўкай, узаемадзеянне з насельніцтвам.
Начальнік упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама Максім Субота, які прымаў удзел у нарадзе, падзякаваў асабістаму саставу райаддзела за службу. Нагрудным знакам адрознення “Віцебская міліцыя” была адзначана старшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Эльвіра Трафімава, Граматай УУС – старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ Дзяніс Бабянок, Падзякай упраўлення – старшы ўчастковы інспектар Андрэй Піскун.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымках: М.Субота і Э.Трафімава; Д.Бабянок.


