Змяніць сваё жыццё, уладкавацца на работу і весці нармальны лад жыцця магчыма – трэба толькі жаданне! Такую думку ў чарговы раз спрабавалі данесці да асобнай катэгорыі ўшачан члены назіральнай камісіі і па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва на сумесным пасяджэнні ў РАУС.
У зале райаддзела ўнутраных спраў сабраліся грамадзяне, што стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Так, нехта з іх неабдумана аступіўся, хтосьці парушае закон сістэматычна – у кожнага свая гісторыя, як і адносіны да жыцця. Немалая частка гэтых людзей сапраўды ўзялася за розум і прыемна было чуць: “Вы не маглі б мяне раней адпусціць, на работу хутчэй трэба!” Некаторыя з улікоўцаў не знайшлі падыходзячых вакансій у арганізацыях раёна і аформілі самазанятасць, плацяць падатак на прафесійны даход. Але, на жаль, нямала і тых, хто катэгарычна не хоча працаваць. “Наўрад ці ў вашых вакансіях штосьці знойдзецца цікавае для мяне! Пасады леснікоў, жывёлаводаў не прапаноўвайце” – з незадаволеным выглядам зазначае малады чалавек, які зарабіў судзімасць за крадзеж у адным з магазінаў. У чаканні (нават не ў пошуках) ідэальнай работы ён “сядзіць на шыі” ў працуючага бацькі, не маючы пры гэтым за плячыма ніякай адукацыі акрамя школьнага атэстата.
Яшчэ адзін ушачанін працаздольнага ўзросту яўна не збіраецца мяняць звыклы ўклад: “Адчапіцеся ад мяне са сваімі вакансіямі, я хутка паеду за межы краіны і мне тут нічога не трэба!” Як паводзіны, так і тры судзімасці і чатыры паездкі ў лячэбна-працоўны прафілакторый у яго жыццёвым багажы выклікаюць сумненні аб зменах у лепшы бок.
Яшчэ адзін непрацуючы мужчына ўразіў камісію сваёй “занятасцю”: “У мяне няма часу аформіць пенсію! Гэта ж трэба ехаць у Мінск, каб сабраць неабходныя дакументы…”
Кожнаму з непрацуючых на пасяджэнні камісіі нагадалі, што з нядаўняга часу аплата жыллёва-камунальных паслуг для людзей, не занятых у эканоміцы і якія валодаюць жылымі квадратнымі метрамі ў Беларусі, стала даражэйшай. Раней, калі незаняты ў эканоміцы грамадзянін быў зарэгістраваны ў сваёй кватэры і пражываў там не адзін, павышаныя тарыфы за цяпло, ваду, газ ужываліся толькі на яго долю ў агульным аб’ёме паслуг. Цяпер, калі чалавек уключаны ў спіс незанятых у эканоміцы і з’яўляецца ўласнікам жылля, то эканамічна абгрунтаваныя тарыфы прымяняюцца да ўсёй плошчы ўсіх яго кватэр і на ўвесь аб’ём спажытых паслуг. Ільготная частка, якая раней размяркоўвалася паміж пражываючымі, цяпер выключана.
У пасяджэнні камісій прыняў удзел і благачынны Ушацкай праваслаўнай акругі іерэй Аляксандр Таляронак. “Здараюцца ў жыцці розныя сітуацыі, калі чалавек аступаецца, але дзяржава працягвае руку дапамогі, стварае ўмовы для станаўлення на правільны шлях. Шукайце выйсце, будзьце адказнымі за жыццё, карыснымі блізкім, грамадству. Лянота і несумленнасць ніколі не заканчваюцца добрым”, – падкрэсліў свяшчэннаслужыцель.
Намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў зазначыў, што работа з такой катэгорыяй грамадзян працягваецца, пасяджэнні названых камісій праходзяць штомесяц.
Вольга КАМАРКОВА.
