Чатыры медалі заваявалі юныя ўшацкія біятланісты на абласным этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба!
Статус фаварытаў пацвердзілі Аня і Ксюша Бука: у сястрычак “срэбра” і “бронза” ў малодшай і сярэдняй групах адпаведна. Яшчэ дзве ўзнагароды прынеслі эстафеты. Малодшая каманда, за якую выступалі Аня Бука, Даша Рэут, Данііл Кастаненка і Мікіта Бугаёў, заняла другое месца – і гэта пры тым, што 15 стрэлаў з 40 у іх аказаліся няўдалымі, а кожны промах цягнуў за сабой страту каля 20 секунд. Уяўляеце, які патэнцыял мае гэтая каманда!.. Добрыя шансы на перамогу былі і ў нашага эстафетнага квартэта сярэдняй групы, а ў выніку Ксюша Бука, Лера Гоман, Кірыл Пугач і Ваня Карпёнак сталі бронзавымі прызёрамі. Дастойна выглядалі на трасе і ўдзельнікі старэйшай групы.
Трэба сказаць, што сёлетні вынік – лепшы за апошнія гады (летась на абласным этапе ў нашай скарбонцы была адна ўзнагарода, пазалетась – дзве).
“Мы вельмі старанна рыхтаваліся да гэтага старту і медалям, канечне, рады: узысці на п’едэстал спаборніцтваў, у якіх прымалі ўдзел трыста спартсменаў, няпроста і вельмі ганарова. Разам з тым, паказалі далёка не ўсё, на што здольныя, – значыць, трэба працаваць яшчэ больш… Хачу падзякаваць дзецям, іх бацькам і ўсім, хто за нас перажываў”, – даў ацэнку выступленню трэнер каманды – настаўнік фізкультуры Вялікадолецкай школы Уладзімір Лапіцкі.
Сёстры Бука напрамую адабраліся ў фінал спаборніцтваў, які пройдзе ў Раўбічах у сярэдзіне лютага. Ці трапяць у склад зборнай вобласці іншыя нашы біятланісты – стане вядома пазней. У любым выпадку ўшачанам зноў будзе за каго хварэць на заключным этапе “Снежнага снайпера”!
Наталля БАГДАНОВІЧ.

